Вось раней: выбары набліжаюцца і ўсе чакаюць, што назіральнікі замест бюлетэняў будуць бачыць пятыя кропкі сябраў участковых камісій. Бо ў Беларусі да 2020-га года назіральнікаў да падліку галасоў выбарцаў дапускалі ўмоўна. Яны як бы ў памяшканні знаходзіліся, аднак убачыць, за каго галасавалі выбарцы, не маглі. Бюлетэні абаранялі целы сябраў участковых камісій. Яны цеснай сцяной стаялі вакол стала і засланялі бюлетэні, у якіх грамадзяне выказалі сваё волевыяўленне. У свой час на прасторах інтэрнэту з’явілася процьма фатаздымкаў з этапу падліку галасоў, калі назіральнікам бачныя толькі пятыя кропкі сябраў участковых камісій. А што цяпер? У Беларусі адбываеца першая выбарчая кампанія пасля масавых акцый 2020-га. І што мы бачым? Цяпер няма ані пятых кропак сябраў участковых камісій, ані дэмакратычных кандыдатаў, ані незалежных назіральнікаў.

Як паведамляе БелТА, у Беларусі падчас датэрміновых выбараў працуе ажно 23 прадстаўнікі еўрапейскі дзяржаў. Крута, цэлыя 23 прадстаўнікі Еўропы на 5411 участкаў для галасавання. Калі гэтыя захочуць наведаць кожны ўчастках, то ім давядзецца кожнаму аб’ехаць па 235 участкаў. Астатнія міжнародныя назіральнікі, часцей за ўсё з краін СНД, у разлік можна не браць, яны напішуць і пададуць тое, што ім скажуць. І яны будуць казаць, што ў Беларусі выбары прайшлі лепш, чым у Еўропе. Тое ж датычыць і ўнутраных назіральнікаў, якія дакладна не будуць прасіць у старшыні выбарчай камісіі дазвол на фота ці відэаздымку. А калі папрасяць, то можа ж і губазік прыехаць. Так што выбары ў Беларусі пройдуць без назіральнікаў, незалежных кандыдатаў і пятых кропах сябраў камісій.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя






