BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Польшчы асудзілі ўкраінца, што напаў на беларусаў

Ва Уроцлаве ўкраінца, які напаў на беларусаў, асудзілі на два гады ўмоўна. Таксама ён павінен выплаціць пацярпелым дзве тысячы злотых кампенсацыі, піша MOST.

Інцыдэнт адбыўся ў чэрвені мінулага года ва Уроцлаве. Пётр і Каця стаялі ў аўтамабільным заторы на “Жыгулях” з беларускімі нумарамі. Раптам на іх напаў мужчына — плюнуў у акно і стаў збіваць. Пара абаранялася, на дапамогу беларусам прыйшлі іншыя кіроўцы. Пацярпелыя выклікалі паліцыю — і мужчыну затрымалі.

Выявілася, што гэта грамадзянін Украіны, які каля дзевяці гадоў жыве ў Польшчы. Двое сутак ён правёў у ізалятары, пасля чаго яго адпусцілі да суда. Пракурор прасіў, каб нападніку прысудзілі восем месяцаў пазбаўлення волі і дзве тысячы злотых кампенсацыі для пацярпелых.

“Мужчына не прызнаў сваёй віны. Казаў на судзе, што ён паляк і калі б ведаў, то не чапаў бы замежнікаў. У яго “сталы побыт”, але ён не грамадзянін Польшчы. У яго няма сям’і і працы. Гэта яго і выратавала. Далі ў выніку яму два гады ўмоўна за напад па нацыянальнай прыкмеце і за нанясенне цялесных пашкоджанняў. Таксама суд абавязаў яго выплаціць кампенсацыю”, — дзеліцца падрабязнасцямі пацярпелая беларуска.

Беларускае Радыё Рацыя