У Польшчы знойдзены верагодны шосты фрагмент ракеты Falcon, паведамляе RMF FM. Ракета, запушчаная з ЗША кампаніяй Ілана Маска, 19 лютага некантралюема ўвайшла ў атмасферу над тэрыторыяй Польшчы.

Гэта ўжо шосты фрагмент абломкаў ракеты Falcon 9, якая ўпала ў Польшчы. Раней іх ужо знаходзілі ў ваколіцах Познані і Ловыня. 21 сакавіка чарговы фрагмент каля вёскі Кшыжкуўка на захадзе краіны заўважыў супрацоўнік лясной службы. Пра гэта ён паведаміў у паліцыю.
На месца выяўлення абломкаў прыбыла спецыяльная каманда ратавальнікаў-хімікаў. Эксперты абследуюць знойдзены рэзервуар і правераць, ці бяспечны ён.
Юстына Рыбчыньска з мясцовага аддзялення паліцыі дапускае, што бак, верагодна, належыць другому сегменту ракеты Falcon 9, якая разбілася над Польшчай некалькі тыдняў таму. На месцы здарэння працуюць паліцыя і пажарныя. У Кшыжкуўку павінен прыбыць супрацоўнік Польскага касмічнага агенцтва, які пасля агляду прыме рашэнне аб далейшай ахове бака.






