У праваслаўных вернікаў сёння Сачэльнік — апошні дзень посту перад вялікім святам Божага нараджэння.

У гэты дзень праваслаўныя хрысціяне намагаюцца правесці час у малітве, супакоі і ў коле сям’і, не прымаючы ежы да з’яўлення першай зоркі на небе — сімвала Віфлеемскай зоркі, якая вядзе да Хрыста.
Пасля службы ў храме вернікі садзяцца да святочнай вячэры. Пад абрус кладуць сена — у памяць пра яслі, у якіх нарадзіўся маленькі Хрыстос. На стол традыцыйна ставяць постныя стравы — галоўнае з іх куця або сочыва — пшанічная каша з мёдам, маку і арэхамі, а таксама узвар і іншыя постныя стравы, часта ў агульнай колькасці 12-ці, у гонар 12 апосталаў.
На падваконніках часта запальваюць свечкі: яны не толькі сімвалізуюць Віфлеемскую зорку, але і нагадваюць, што ў Віфлееме не знайшлося месца для Дзевы Марыі, каб тая магла нарадзіць Збаўцу. Запаленая свечка — знак таго, што ў гэтым доме Яе чакаюць.






