BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У праваслаўных вернікаў – Вялікая пятніца

Сёння – Вялікая пятніца ў праваслаўнай царкве, калі вернікі ўспамінаюць пакуты і смерць Хрыста на крыжы. Традыцыйна ў гэты дзень  у храмах не адпраўляецца літургія.

Фота: © Sputnik

У гэты дзень у цэрквах з алтара выносяць Плашчаніцу – палатно, якое сімвалізуе тое палотнішча, якім было абгорнутае цела Хрыста падчас яго пахавання. На плашчаніцы размешчаная выява цела Хрыста ў поўным рост у тым выглядзе, у якім яно было знятае з крыжа.

У Вялікую пятніцу Плашчаніцу выносяць на сярэдзіну царквы для таго, каб вернікі маглі ёй пакланіцца. Перад гэтым разам з Плашчаніцай і свечкамі робяць абход вакол храма. Для вернікаў гэты дзень з’яўляецца днём самага строгага посту ва ўсім літургічным календары.

Заўтра, у Вялікую Суботу, у храмах пройдзе асвячэнне ежы, а позна вечарам – велікодныя літургіі. Вялікдзень прыпадае на нядзелю, 5 траўня.

Беларускае Радыё Рацыя