BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Расеі зрабілі інфармацыйнае шоў з забойства беларуса

Нібыта спадар на імя Мікалай Аляксееў хацеў зрабіць тэракт у расейскай карэльскай глушэчы, таму ФСБшнікі яго застрэлілі, трагедыя адбылася 7-га сакавіка.

Але чаму менавіта Мікалай Аляксееў? На аватарцы ў сацыяльнай сетцы «Пагоня», на здымках свечка на памяць Аляксея Навальнага, здымкі з Беларускай рэвалюцыі 2020 году. «Светапоглядам Аляксеева пазначаны лозунг «За свабодную Беларусь», – адзначае выданне «Наша Ніва», якое пашукала інфармацыю пра Мікалая Аляксеева ў інтэрнэце.

«Гісторыя Мікалая Аляксеева… у чарговы раз кажа нам – усходняя суседка небяспечнае месца для людзей, якія падтрымліваюць беларускі пратэст», – напісаў у сваім інтэрнэт-пабліку Андрэй Стрыжак, праваабаронца, кіраўнік арганізацыі BYSOL. Той самай, якая эвакуюе беларусаў у бяспечныя краіны.


«Зэкамерон» Максіма Знака трапіў у шорт-ліст брытанскай літаратурнай прэміі.

Прэмія Рэспублікі Свядомасці (Republic of Consciousness Prize), якая штогод узнагароджвае мастацкую літаратуру, выдадзеную невялікімі выдавецтвамі Вялікай Брытаніі і Ірландыі, абвясціла сёлетні кароткі спіс. У пяцёрку ўвайшоў дакументальны раман палітвязня Максіма Знака, заўважыла выданне bellit.info.

Кніга была перакладзеная Джымам і Элай Дынглі і выдадзеная ў выдавецтве Scotland Street Press.

Ад сябе дадам, што добра што пераклалі на ангельскую.
Не добра, што няма арыгіналу ў вольным доступе.
Гэта як з важнымі фільмамі пра 2020, якія ўсё яшчэ ездзяць па фестывалях, даюць бонусы стваральнікам, але так і не адыгралі вялікай ролі ў фармаванні візіі пра Новую Беларусь, якая выйшла на вуліцы, а цяпер жыве ў падполлі.


Да 8 сакавіка – Дня міжнароднай жаночай салідарнасці ў барацьбе за свае правы – арганізацыя Рэпарцёры без межаў апублікавала рэйтынг краін, дзе найбольш пераследуюцца жанчыны-журналісткі.
Беларусь у тройцы першых.

Пяць жанчын-журналістак, знакавыя фігуры ў Беларусі, М’янме і Бурундзі, былі прысуджаныя да турэмнага зняволення тэрмінам ад 10 гадоў да пажыццёвага зняволення. Тры з пяці самых працяглых прысудаў журналісткам былі вынесеныя: Марыне Золатавай, Людміле Чэкінай і Валерыі Касцюговай – у Беларусі.


Тэлеканалу «Белсат» сталася вядомым пра затрыманні 7 сакавіка ў Берасцейскай вобласці. Вядома мінімум пра 40 чалавек, шмат хто з іх атрымаў 15 сутак арышту, а берасцейскі ізалятар часовага ўтрымання перапоўнены. Шмат людзей апынуліся за кратамі праз падпіску на «экстрэмісцкія» медыі. Вялікая частка з затрыманых нядаўна вярнулася з-за мяжы.


Міжнародны крымінальны суд (Гаага, Нідэрланды) выдаў ордар на арышт двух найвышэйшых расейскіх вайсковых чальнікаў. Гэта генерал-лейтэнант Сяргей Кабылаш і адмірал Віктар Сакалоў. Падзея адбылася 5 сакавіка.

Звычайна ўвага публікі прыкаваная да палітычных лідараў, а стратэгічныя выканаўцы застаюцца на другасных пазіцыях. Тут жа вінаватыя ў масавых злачынствах персаналізуюцца. Што дае знак іншым – падумайце, перад тым, як пераступаць чырвоную лінію.


4 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб пераводзе дзяржаўных органаў і іншых арганізацый на працу ва ўмовах ваеннага часу», гаворыцца сайце прэс-службы дыктатара.
Указ дасць магчымасць «забяспечыць сістэмнае і бесперабойнае функцыянаванне дзяржаўнага апарату ў перыяд нарастання ваеннай пагрозы і ў ваенны час» – гаворыцца ў заяве.


На мінулым тыдні праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 4-х чалавек Гэта Раман Забела, Ілля Палонскі, Максім Назарчук і Дар’я Мандзік. Гэта фігуранты «справы архітэктараў», дзе больш за сорак чалавек былі затрыманыя, некаторыя атрымалі «суткі», і вось чатыры – крымінальныя справы. Усё за здымак з 2020 году, дзе архітэктары падчас аднаго з Маршаў ішлі асобнай калонай.


Падтрымліваем суайчыннікаў у нядолі, дзе б яны не былі! Жыве беларуская салідарнасць!

Беларускае Радыё Рацыя