У сеціве пачалі масава з’яўляцца сайты, старонкі ў сацыяльных сетках і рэклама, нібыта звязаныя з праектам «пашпарта Новай Беларусі». У Аб’яднаным Пераходным Кабінеце заявілі, што гэтыя старонкі — фэйкавыя і што іх верагодна стварылі для збору персанальных звестак беларусаў за мяжой.

У прадстаўніцтве АПК па замежных справах заявілі, што Абʼяднаны Пераходны Кабінет, яго прадстаўніцтва па замежных справах і Офіс Ціханоўскай не складаюць аніякіх спісаў на атрыманне «новага нацыянальнага пашпарта» і што любыя такія сайты, старонкі ў сацсетках і рэклама — гэта «правакацыя спецслужбаў рэжыму з мэтай сабраць інфармацыю пра беларусаў па-за межамі краіны». У ведамстве папрасілі беларусаў «берагчы сябе і свае персанальныя дадзеныя».
У прадстаўніцтве падкрэслілі, што не запускалі і не плануюць запускаць ніякія рэкламы дзеля збору асабістых дадзеных беларусаў, а адзіная кампанія, якую цяпер актыўна вядуць — гэта «рэклама» самога праекту новага нацыянальнага пашпарта Беларусі перад заходнімі партнёрамі.
Беларускае Радыё Рацыя






