Пра тое, што ў беларускіх школах хочуць увесці адзіную форму для вучняў, гаворка вядзецца даўно. Але ёсць пэўныя праявы таго, што прынамсі ў некаторых рэгіёнах краіны задумваюцца пра адзіны дрэс-код не толькі для вучняў, але і для педагогаў, заўважыў «Матолька Памажы».
Ва ўпраўленні па адукацыі Менскага райвыканкама паведамілі, што шэраг школ Меншчыны ўжо ўвёў адзіны стыль адзення для настаўнікаў. Публікацыя пра гэта мае назву «Менскі раён — за дрэс-код педагогаў!» і ў ёй прадэманстраваны адзіны стыль убрання школьных настаўнікаў у Заслаўі, Калодзішчах, Сеніцы і ў вёсцы Рагава.
Эксперты маніторынгавай групы па адукацыі @iSANS_Belarus лічаць, што ўвядзенне паўнавартаснага адзінага стылю ў вопратцы педагогаў — цалкам верагоднае, асабліва калі ўлічваць бягучыя тэндэнцыі, скіраваныя на ўсеагульную ўніфікацыю.