Арганізацыя акцыі памяці Рамана Бандарэнкі, праца Офіса дэмакратычнай Беларусі, дапамога беларускім ваярам ва Украіне, узняцце беларускага пытання сярод еўрачыноўнікаў. Гэта далёка не поўны спіс кірункаў дзейнасці, якімі цяпер занятыя прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Бельгіі, – распавяла нашая сённяшняя Госця Рацыі, прадстаўніца беларускай дыяспары Марына Леваценка.
РР: Якія тэмы для вас зараз самыя важныя і актуальныя?
Марына Леваценка: Як заўсёды мы збіраемся і абмяркоўваем і палітычныя тэмы, і культурніцкія. І святы абмяркоўваем як праводзіць, і Дзяды адзначалі, і запрашаем шмат талентаў да нас прыехаць. Былі ў нас з канцэртам і “Касары”, і завітаў да нас такі віртуоз, як Ягор Забелаў. І таму гэта вельмі важна, калі беларускае асяроддзе збіраецца разам.
РР: Ці толькі культура вас зараз аб’ядноўвае?
Марына Леваценка: Не толькі культура нас аб’ядноўвае. Мы збіраем дапамогу Украіне і Палку Каліноўскага. І зараз мы супрацоўнічаем з місіяй Ігара Вітэнкі, які вельмі шмат машын хуткай дапамогі перагнаў ва Украіну, і ён супрацоўнічае таксама з Палком Каліноўскага. Менавіта зараз прадстаўніца нашай дыяспары паехала з такім канвоем, з гэтай місіяй і павязла тэрмабялізну нашым ваярам.
РР: А як у гэтай акцыі была задзейнічана беларуская дыяспара? Колькі ахвяраванняў вы сабралі і ці збіраеце надалей?
Марына Леваценка: Ахвяраванні збіраюцца, і збіраюцца яны з розных бакоў. Прымаюць удзел не толькі наша дыяспара, а таксама беларусы з розных краінаў, і партыйныя арганізацыі таксама ўдзельнічаюць. Я ведаю, што і Аб’яднаная грамадзянская патрыя прымала ўдзел, і БСДП Народная Грамада, і беларусы Бельгіі збіралі, і група Пазьняка збірала. Адусюль патроху. І гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Перамога Украіны для нас вельмі-вельмі знакавая.
РР: Наколькі цесная зараз супраца з украінскай дыяспарай?
Марына Леваценка: З украінцамі мы супрацоўнічаем і яны нас запрашаюць на свае святы, а мы іх запрашаем на свае. І ў снежні ў нас плануецца з дапамогай Еўракамісіі і Еўрапарламента правядзенне Дзён Беларусі. І вось на такія мерапрыемствы мы запрашаем і ўкраінскую дыяспару да нас далучыцца. І такая супраца ў нас заўсёды. І кожны тыдзень у нас у Антвэрпене праводзяцца акцыі ў падтрымку Украіны. Нашы беларусы заўсёды там прысутнічаюць, і нашыя сцягі, і дапамогу збіраем. Таму мы вельмі цесна супрацоўнічаем з украінцамі.
РР: Калі плануюцца Дні Беларусі і хто ў іх прыме ўдзел?
Марына Леваценка: Дні Беларусі пачынаюцца 10 снежня на Дзень правоў чалавека. Адкрыццё пройдзе ў Місіі “За дэмакратычную Беларусь”. Будуць прысутнічаць еўрапейскія палітыкі, прадстаўнікі дыяспары і запрошаныя госці. Будзе адкрыццё выставы вышыванак. На другі дзень плануецца паседжанне ў Еўрапарламенце, дзе будзе абмяркоўвацца Беларускае пытанне. І ўвечары запланаваны канцэрт беларусаў, якія запрошаны Еўракамісіяй. І 12 снежня таксама плануюцца паказ фільма і выступ “Вольнага хора”.
Марына Леваценка дадала, што з бліжэйшых мерапрыемстваў у Бельгіі – гэта адзначэнне Дня правоў чалавека, правядзенне Дзён беларускай культуры ды ўдзел у Менскім форуме, які адбудзецца ў Берліне напрыканцы лістапада.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: dze.chat