BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“У судзе паведамілі, што Следчы камітэт зноў запатрабаваў маю справу”

Беларусы ва ўзросце прыжываюцца ў эміграцыі даволі складана. Цяжкая некваліфікаваная праца, чужая мова, якая засвойваецца ва ўзросце таксама нялёгка, адсутнасць блізкага акружэння – усё гэта б´е па маральнаму і фізічнаму стану чалавека.

Усімі складанасцямі жыцця на чужыне падзяліўся з нашымі слухачамі Госць Рацыі Павел Мароз:

РР: Спадар Павел, як вы сюды прыехалі?

Павел Мароз: Прыехаў аўтобусам. Уцёк з Беларусі. Таму што меў удзел у падзеях 2020 года. Мае старыя справы ўзнялі і адправілі ў Следчы камітэт у 2022 годзе.

РР: Якія старыя справы? За 2020 год?

Павел Мароз: Так. Там разам было ў мяне 30 сутак. І пасля шматлікіх судоў мяне звольнілі з працы.

РР: А дзе вы працавалі?

Павел Мароз: Я быў дырэктарам тэлеканала. І затым два гады сядзеў без працы, таму што немагчыма было ўладкавацца. Напэўна трапіў у гэты сумнавядомы спіс. Нават спрабаваў уладкавацца дворнікам, і на гэтую працу не ўзялі. І дадалося тое, што я пайшоў у суд. Хацеў зрабіць копіі дакументаў, якія тычацца пераследу з боку ўладаў. І мне паведамілі, што вашыя дакументы мы не можам вам даць, таму што яны запатрабаваныя Следчым камітэтам.

РР: Гэта ў якім годзе было?

Павел Мароз: У 2022 годзе. І пасля таго, як я даведаўся, што мае старыя справы ўзняў Следчы камітэт. Я хацеў зняць копіі дакументаў. Але мне суддзя сказаў: чаму ты звяртаецца да старых спраў, яны закрытыя? Але для Следчага камітэта, як высветлілася, яны не былі закрытымі. Таму што яны для чагосьці іх запатрабавалі. І я вырашыў, што яны запатрабавалі для таго, каб можа ўзнавіць пераслед. Таму я падаўся на міжнародную абарону. Я гэта рабіў ужо з Беларусі. Дакуметы збіраў, падаваў. Мне дапамагалі праваабаронцы.

РР: А куды падавалі?

Павел Мароз: У консульства ў Менску. Я ездзіў некалькі разоў у Менск, падаваў дакументы. Яны цягнулі-цягнулі, амаль два месяцы. Я казаў, што трэба тэрмінова, бо ёсць магчымасць трапіць пад крымінальны пераслед. Яны казалі, што нічога страшнага не адбываецца. Яны прамарудзілі недзе два месяцы, я атрымаў абарону і 22 кастрычніка 2022 года я быў ужо ў Польшчы. Так што, калі дажыву да кастрычніка, то будзе роўны тры гады як я тут.

РР: І вось вы прыехалі, вас хтосьці сустрэў, можа сябры, аднапартыйцы?

Павел Мароз: Шчыра кажучы, я б не хацеў усё расказваць.

РР: Ёсць пэўная крыўда?

Павел Мароз: Так. Таму што я звярнуўся да кіраўніка партыі. Ён сказаў, што не можа мне ў Варшаве дапамагчы. Мясцовая партыйная суполка мне таксама ніяк не дапамагала. Дапамаглі канкрэтныя людзі з жыллём на першы час, і потым з працаўладкаваннем. Таму што першыя два тыдні я быў проста ў прастрацыі. Як дрэва, якое выцягнулі з каранямі. Пакуль прыжыўся. Я працаваў на розных працах, мыў посуд, і ахоўнікам у «Бендронцы», і падлогу мыў і г.д. Такія працы, не кваліфікаваныя. Потым я падаўся на карту побыту і пакуль чакаў карту побыту, мне выдалі часовы дакумент, які дазваляў знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Праз нейкі час атрымаў часовую карту побыту. І пачаў неяк уладкоўваць сваё жыццё.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя