Стан здароўя 64-гадовага палітвязня, мастака Генадзя Драздова ў няволі «моцна пагоршыўся», паведаміла «Позірку» абазнаная крыніца.
Паводле слоў суразмоўцы, мужчыну пастаянна змяшчаюць у карцар. «[Перакідваюць] з карцара ў карцар, прамярзае, мае высокі ціск, а таблетак не даюць», – адзначыла крыніца. Яна дадала, што «мастак зусім у крытычным стане, нават складае тастамент».
Генадзь Драздоў – былы кіраўнік творчай суполкі «Пагоня» ў Беларускім саюзе мастакоў. Быў затрыманы ў жніўні 2022 года і арыштаваны на 15 сутак. Пасля арышту не выйшаў на волю – у дачыненні да яго завялі крымінальную справу за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Пасля абвінавачанне было перакваліфікаванае на «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». 4 траўня палітвязня прыгаварылі да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Разам з тым, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», мастак адбывае тэрмін у магілёўскай турме № 4.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: “Вясна”