
фота CCTV/Kyodo
7 студзеня ў гарах Тыбету, што на тэрыторыі цяперашняга Кітаю, здарыўся вельмі моцны землятрус. Як мінімум 95 чалавек загінулі, яшчэ каля 100 – сур’ёзна пацярпелі. Пра гэта паведаміла Бі-Бі-Сі са спасылкай на кітайскія дзяржаўныя медыя. Паведамляецца таксама, што больш за тысячу дамоў паўразбураныя ці пашкоджаныя.
Землятрус магнітудай 7,1 бала здарыўся каля 9-й гадзіны раніцы паводле мясцовага часу ў горадзе Шыгадзэ — святым для Тыбета. Як сведчыць Геалагічная служба ЗША, эпіцэнтр землятрусу размяшчаўся на глыбіні каля 10 кіламетраў. У гэтым раёне былі зафіксаваныя яшчэ і серыі афтэршокаў.
Акрамя таго, штуршкі зафіксаваныя ў суседнім Непале ды некаторых раёнах Індыі. Землятрусы ў гэтым рэгіёне адбываюцца досыць часта, бо ён размешчаны на вялікім геалагічным разломе.
Трэба яшчэ дадаць, што Шыгадзэ — традыцыйная рэзідэнцыя Панч-ламы. Гэта адна з асноўных фігураў тыбецкага будызму, па сваім уплыве ён саступае толькі Далай-ламу.