Родныя, сябры і калегі-праваабаронцы развіталіся з праваабаронцам «Вясны» Леанідам Свецікам. Леанід пайшоў з жыцця раптоўна і заўчасна, яму было 59 гадоў. Што стала балючым ударам для сям´і, калег- праваабаронцаў і сяброў.
Кажа праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч:
– Леанід Свецік паспяхова цягам шмат гадоў бараніў правы людзей у Віцебску, дапамагаў ім, рабіў адзін з лепшых праваабарончых сайтаў, які прынцыпова быў па-беларуску, ледзь не адзіны ў рэгіёне. Канешне, гэта вялікая страта.
Апошнімі гадамі адышло некалькі знакавых рэгіянальных праваабаронцаў, і кожная такая страта вельмі балючая. Але мы, паплечнікі, іх сябры, знаёмыя павінны працягваць гэтую справу, несці наш асабісты крыж і агульны наш грамадскі крыж. На жаль, вельмі цяжкі час, а хлеб эміграцыі вельмі горкі, нягледзячы на тое, што чалавек бывае матэрыяльна ўладкаваны, але адарваны ад родных каранёў.
Трэба шанаваць паплечнікаў, сяброў, блізкіх людзей па поглядах і старацца іх падтрымліваць усялякімі спосабамі.
Аляксей Колчын, праваабаронца:
– Усе апошнія дні думаю пра нашыя з Лявонам размовы, увесь час размова так ці іначай заходзіла пра вяртанне ў Беларусь, спадзяваўся на тое, што вернецца. Скрушны, што ўжо не адбудзецца. Што рабіць, такі лёс.
Ён сваю дарогу выбраў і з гэтага шляху нікуды не збочваў, за што яму можна толькі пакланіцца.
Алена Маслюкова, праваабаронца:
– Для праваабарончай супольнасці вельмі сумны дзень, таму што сышоў з жыцця праваабаронца, даволі вядомы чалавек у нашай справе. Лёня быў чалавекам прынцыповым, прамым, можа, часам казаў не тое, што хацелі б чуць, але ён гэта казаў шчыра, ад усяго сэрца, хварэў за справу. Відаць, таму сэрца і не вытрымала ў чалавека. Згадваю яго заўсёды вельмі добрымі словамі, таму што мне не аднойчы даводзілася з ім раіцца і прасіць дапамогі. Я выказваю глыбокія спачуванні сваякам, бо ведаю, як гэта цяжка губляць родных, сяброў. Я жадаю ўсім “вясноўцам” здароўя і каб яны працягнулі справу, да якой быў датычны наш Лёня.
Пасля крэмацыі прах Леаніда будзе дастаўлены на Радзіму і пахаваны ля бацькоў у вёсцы Крычава.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя