
Сябры руху Салідарнасці «Разам» ушанавалі ў Варшаве памяць беларускага вайскоўца, атамана, удзельніка беларускага незалежніцкага руху Юркі Моніча і яго паплечнікаў. Юрка Моніч загінуў 23 мая 1924 года падчас перастрэлкі з атрадамі частак асаблівага прызначэння, кажа лідар Руху Вячаслаў Сіўчык:
– Пачалася акцыя на Паўночных камунальных могілках горада Варшавы, дзе пахаваны Цімох Хведашчэня. Гэта таксама вельмі вядомы партызанскі камандзір, настаўнік. Хутчэй за ўсё ён быў асабіста знаёмы з Юркам Монічам. Ушанаваўшы памяць Цімоха Хведашчэні, мы паехалі на Вайсковыя могілкі, дзе такое ж ушанаванне адбылося каля сімвалічнай магілы Станіслава Булак-Балаховіча.
Паводле Вячаслава Сіўчыка, таксама наведалі месца, дзе пахаваны Эдуард Лобаў, беларускі палітвязень, які гераічна загінуў у наш час за Украіну. На магілы нашых герояў былі ўскладзены кветкі, запалены знічы, адслужана паніхіда ў храме святой Марыі Магдалены.
Беларускае Радыё Рацыя
***
23 траўня ў Варшаве Рух Салідарнасці “Разам” правёў акцыі, прысвечаныя ўшанаванню памяці Юркі Моніча ў 101-ю гадавіну яго гераічнай гібелі ў баі з чэкістамі.
Юрка Моніч – адзін з самых паспяховых і ідэйных камандзіраў беларускай антыбальшавіцкай партызанкі.
Падпольныя акцыі ўшанавання яго памяці адбываліся ў Беларусі і пры камуністычнай уладзе, а ў 2007 годзе Рух Салідарнасці “Разам” падтрымаў гэтую традыцыю замацаваннем Крыжа Святой Еўфрасінні Полацкай на ўскрайку леса, дзе адбыўся апошні бой легендарнага беларускага героя. Крыж рабіўся на сядзібе выбітнага беларускага мастака Алеся Пушкіна, які заўжды прымаў удзел у акцыях 23 траўня, што адбываліся да 2020-га штогод.
Былі ўсталяваныя яшчэ два крыжы: у 2008 г. на Батарэях у Барысаве, і ў 2009 г. – на могілках вёсак Малыя і Вялікія Жаберычы. Крыжы былі знесеныя незаконнымі рашэннямі мясцовых уладаў. Прымусіць уладу аднавіць законнасць і вярнуць крыжы беспаспяхова спрабаваў вядомы беларускі праваабаронца Ігар Леднік. Таму акцыя 23 траўня ў Варшаве была прысвечана і памяці беларускіх палітвязняў, забітых у лукашэнкаўскіх турмах.
Падчас акцыі 23 траўня беларусы наведалі месцы пахавання паплечнікаў Юркі Моніча па барацьбе за незалежнасць Беларусі, – Цімафея Хведашчэні і Станіслава Булак-Балаховіча, а таксама нашага сучасніка, палітвязня лукашэнкаўскага рэжыму Эдуарда Лобава, які гераічна загінуў за Украіну.





Былі ўзнятыя бела-чырвона-белыя сцягі, ўскладзены кветкі, запалены знічкі, абвешчаны хвіліны маўчання. Прагучалі лаканічныя прамовы Вячаслава Сіўчыка, Алены Талстой, Алеся Макаева.
У варшаўскім храме св. Марыі Магдалены ў гэты дзень беларусы маліліся на паніхідзе за спачын душы забітага Георгія (Юркі).
Наступнай і апошняй кропкай акцый было Ронда Вольнай Беларусі, дзе прамовіў ксёндз Вячаслаў Барок. Удзельнікі акцыі запалілі знічкі і ўсклалі вянок з бела-чырвона-белых ружаў ў месцы, дзе можа быць усталяваны памятны знак у гонар беларускіх Герояў.
Прэс-група Руха Салідарнасці “Разам”
Варшава
24.05.2025.






