BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Варшаве затрыманы грамадзянін Беларусі

Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымалі ў Варшаве грамадзяніна Беларусі, які падазраецца ў спробе падпалу аб’екта, размешчанага ў Гданьску. Пра гэта паведамляе само Агенцтва ўнутранай бяспекі.

Паводле яго, гэта яшчэ адно затрыманне ў ходзе расследавання дзейнасці арганізаванай злачыннай групы, якая па даручэнні замежных спецслужбаў здзяйсняла акты сабатажу, у прыватнасці падпалы. У студзені і траўні гэтага года польская контрвыведка затрымала грамадзян Польшчы, Украіны і Беларусі, адказных за падпалы аб’ектаў на тэрыторыі Гданьска, Гдыні і Марэка, якія таксама рыхтаваліся да падпалаў аб’ектаў на тэрыторыі Уроцлава.

У ходзе праведзеных працэсуальных мерапрыемстваў выяўлены і выняты прадметы, якія маглі быць выкарыстаны для ажыццяўлення сабатажных мерапрыемстваў.

Затрыманаму пракуратура прад’явіла абвінавачванні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе міжнароднага характару і здзяйсненні актаў дыверсіі і сабатажу або злачынстваў тэрарыстычнага характару па даручэнні замежнай выведкі. За ўчыненыя дзеянні пагражае нават пажыццёвае зняволенне.

Раённы суд Уроцлава-Срудмесця арыштаваў падазраванага на тры месяцы. Расследванне справы працягваецца.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае