Цягам тыдня адбываліся тэматычныя акцыі, выставы і сустрэчы. Фінальнай жа кропкай стаў вечар, прысвечаны грамадска-палітычнаму актывісту Вітольду Ашурку. Менавіта дата яго смерці ў калоніі – 21 траўня – і паклала пачатак адзначэнню Дня палітвязня.
Пра беларускага дзеяча і падзею распавяла Госця Рацыі, журналістка, сябра Вітольда і арганізатарка мерапрыемства Вольга Быкоўская:
-Складана тое, што не з’яўляецца новай інфармацыі. Мы маем тое, што маем і можам толькі цудам знаходзіць нейкія не знойдзеныя раней рэчы. Вось, напрыклад, у мінулым годзе мы знайшлі лісты, якія Вітольд не паспеў адправіць з калоніі. Дасталі іх з тых рэчаў, якія аддавалі, і гэта было нейкае адкрыццё. У гэтым годзе да нас прыехаў Сяргей Чарняк, які доўгі час быў у Беларусі і толькі зусім нядаўна адтуль выехаў. І для нас гэта таксама быў нейкі новы глыток інфармацыі, таму што, калі людзі ў Беларусі, яны зараз фактычна не маюць магчымасці гаварыць. Нават калі яны ведаюць, гэта ўсё небяспечна. Я вельмі шчаслівая, што Сяргей тут, і шчаслівая, што ён змог падзяліцца тым, што ён памятаў пра Вітольда. Бо ў кожнага пра Вітольда свае ўспаміны. Хоць у нас ёсць агульныя ўяўленні, што гэта за чалавек. Хто бачыў яго як сябра, хто – як палітыка, Сяргей Чарняк бачыў яго так, і гэта вельмі каштоўна.
Падзея, прысвечаная Вітольду Ашурку, адбылася ў Беларускім доме ў Варшаве. Акрамя сяброў і родных, у ёй прынялі ўдзел палітыкі Зянон Пазняк і Вячаслаў Сіўчык.
Беларускае Радыё Рацыя