1-га жніўня адзначаюцца 80-я ўгодкі Варшаўскага паўстання, якое выбухнула ў 1944 годзе. Гэта быў адзін з найбуйнейшых збройных чынаў антынацысцкага падполля ў акупаваных гарадах Еўропы. Удзел у баях узялі каля 50 тысяч паўстанцаў. Замест планаваных некалькі дзён паўстанне доўжылася больш за 2 месяцы.
Пра ўдзел беларусаў у Варшаўскім паўстанні для Беларускага інстытута публічнай гісторыі распавёў гісторык Юрый Грыбоўскі:
-Я б у якасці прыкладу ўзгадаў дзяцей вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча, аднаго з бацькоў беларускага адраджэння Вацлава Іваноўскага. Сыны Іваноўскага ў гэты час якраз жылі ў Варшаве, бралі ўдзел у Варшаўскім паўстанні і загінулі. Акрамя таго мы ведаем, што ў баях з гітлераўцамі ў часе паўстання бралі ўдзел некаторыя выхаванкі і настаўнікі Беларускай пачатковай школкі, якая існавала і спыніла сваю дзейнасць напярэдадні пачатку паўстання.
Побач з палякамі ваявалі і беларусы. Напрыклад, батальён Арміі Краёвай з-пад Стоўбцаў, у складзе якога было амаль 30% беларусаў, маршам прайшоў да польскай сталіцы і змагаўся ў адным з раёнаў гораду – на Жалібожы, працягвае гісторык:
-Гэта быў такі даволі ўнікальны выпадак, калі вайсковая адзінка, якая дзейнічала раней на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў ваколіцах Налібоцкай пушчы, яны прайшлі маршам у бок Варшавы і паспелі яшчэ паўдзельнічаць у баях з нямецкімі войскамі. Гэта быў фактычна батальён пад камандаваннем Адольфа Пільха.
Кажучы пра Варшаўскае паўстанне і гераічнае змаганне польскага народу, трэба памяць і пра абаронцаў-беларусаў, якія бралі ўдзел у змаганні з нямецкімі акупантамі, дадае Юрый Грыбоўскі.