Працэс распачнецца 17 ліпеня ў 10.00 і будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляе “Віцебская вясна”. Разбіраць справу Зуева прызначылі суддзю Галіну Бондал. Актывіста, які вымушана з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, 16 траўня ўключылі ў «экстрэмісцкі спіс» МУС, і цяпер будуць судзіць паводле паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Пра тое, што Андрэя Зуева будуць судзіць у парадку спецвытворчасці, Следчы камітэт паведаміў сёлета 7 траўня. Супраць навапалачаніна была заведзена справа паводле часткі 3 артыкула 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) , паводле часткі 2 артыкула 293 КК (навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках); паводле часткі 1 артыкула 361 прым. 1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім); паводле артыкула 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
Андрэй Зуеў – былы сябар «Народнай Грамады», бацька 4 дзяцей, удзельнік сустрэч з Сяргеем Ціханоўскім. Увесну 2020 года яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці нібыта «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» – за ўдзел у гутарцы з блогерам, дзе ён раскрытыкаваў сістэму кіравання Аляксандра Лукашэнкі і дзейнасць урада. Улетку 2020 года Зуева зноў судзілі па тым самым артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.






