BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні размаўлялі пра рак і гісторыі беларусак, звязаныя з гэтай хваробай

У Вільні прайшлі дзве імпрэзы, прымеркаваныя да Сусветнага тыдня барацьбы з ракам малочнай залозы, які адзначаецца ў кастрычніку. Пра рак і гісторыі беларусак, звязаныя з гэтай хваробай, размаўлялі там 19 і 25 кастрычніка. Апошняя імпрэза прайшла ў віленскім “Замку”, дзе жывуць беларускія ўцекачы.

Прысутныя паслухалі лекцыю лекаркі-акушэркі Таццяны з вялікім стажам, якая распавяла пра жаночае здароўе і адказала на пытанні. Як заўважыла лекарка, на рак хварэе больш жанчын у цывілізаваных краінах.

І нашмат менш у краінах Афрыкі, якія развіваюцца, дзе, здавалася б, горшыя ўмовы жыцця, харчаванне, кліматычныя негатыўныя фактары. Калі мы трошкі лагічна дадумаем, навукова гэта не даказана, але адна з магчымых тэорый, якія маюць права на існаванне, гэта тое, што мы, жывучы ў больш развітых цывілізаваных краінах, найбольш схільныя да стрэсаў.

Як лічыць адна з жанчын, якая наведала гэтую імпрэзу, рак у яе таксама пачаўся з-за стрэсу і на гэта было шмат прычынаў:

Вельмі вялікі стрэс быў. 2020 год, муж. Гэта стрэс, які не сканчаўся, як пачаўся. І ў гэты ж перыяд памёр мой брат. І так здарылася, маці. У такім стрэсе я займалася ўсімі гэтымі пахаваннямі. І я думаю, што гэта быў такі перыяд, калі не тое, што цела… Цела — гэта ўжо наступства было. Мне здаецца, дух не вытрымаў.

Арганізатары імпрэзы ў «Замку» паказалі фільм „Каця і Каця. Пра рак, рэмісію і жаночыя мары“, а таксама была зладжаная выстава „Пра рак. Гісторыі беларусак“.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя