Пікет у выглядзе сухой галадоўкі ў падтрымку беларускага палітзняволенага Сцяпана Латыпава ладзіць ля амбасады ЗША ў Вільні палітычны ўцякач з Беларусі Аляксандр Андрушкевіч. Яго сухая галадоўка цягнецца ўжо трэці дзень. Такім чынам актывіст хоча прыцягнуць большую ўвагу да Сцяпана Латыпава, які, па некаторых звестках, з-за катаванняў у засценках лукашэнкаўскага рэжыму ўчыніў ужо трэцюю спробу суіцыду.

Як кажа Аляксандр Андрушкевіч, няма сэнсу праводзіць пікет ля будынка амбасады Беларусі ў Літве, бо яна закрытая і яе працаўнікі ўсё адно на акцыі ніяк не рэагуюць.
-Таму я ўжо год пасля таго, як стала вядома, што вядуцца перамовы Амерыкі з Лукашэнкам, у тым ліку па вызваленні палітвязняў, ужо год хаджу да гэтай амбасады, праводжу тут пікеты ў тым ліку. Я прасіў вызваліць менавіта Сцяпана Латыпава, бо я ведаю, што да яго асабістая помста, і ён сам пра гэта расказваў. І я ўсе гэтыя гады вельмі за яго хвалююся, таму што баюся, што яны не толькі могуць давесці да суіцыду, але і проста забіць і выставіць гэта як суіцыд.

Першы дзень на пікеце Аляксандр Андрушкевіч стаяў адзін, а на другі – да яго далучыліся маладыя людзі – украінка і два былыя беларускія палітвязні. Паводле хлопцаў, яны зведалі на сабе катаванні ў лукашэнкаўскіх турмах, таму хвалююцца за Сцяпана Латыпава, і ім неабыякавы яго лёс:
-Я падтрымліваю Аляксандра, бо разумею, як Сцяпану Латыпаву цяжка. Я сам былы палітвязень, памілаваны, адсядзеў 163 дні ў ШІЗА. І я ведаю, як там прэсуюць супрацоўнікі калоніі.
-Мы вырашылі падтрымаць, бо я былы палітвязень лукашэнкаўскага рэжыму, таксама сам з Берасця. Я яго не ведаў, ведаў з загалоўкаў СМІ, што з ім адбываецца. Чытаў таксама яго біяграфію. І вырашыў падтрымаць гэтую акцыю.
Паводле Аляксандра Андрушкевіча, у літоўскім заканадаўстве ёсць абмежаванне, якога няма ў іншых еўрапейскіх краінах – тое, што можна пікетаваць з васьмі ранку да дзесяці вечара. Але актывіст знайшоў прыпіску, што па ўзгадненні з мэрыяй, калі ёсць асвятленне, можна праводзіць і суткі. Ён падаў заяўку ў мэрыю, і на працягу некалькі гадзін яму дазволілі знаходзіцца ля амбасады ЗША 7 сутак запар.
Цалкам матэрыял:




Беларускае Радыё Рацыя






