Акцыя ў гонар Алеся Бяляцкага прайшла ў Вільні. Сёння, 25 верасня, кіраўніку Праваабарончага цэнтра “Вясны” і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму спаўняецца 62 гады. І чарговы, сёмы раз, ён сустракае свой Дзень народзінаў у зняволенні.

Падчас акцыі сябры ПЦ “Вясна” нагадалі пра тое, што ў цэнтры Еўропы ў 2024 годзе за свае перакананні і абарону правоў чалавека ў жахлівых умовах калоніі знаходзіцца лаўрэат Нобелеўскай прэміі.

Кажа праваабаронца Аляксандр Буракоў, які адкрываў сваёй прамовай імпрэзу:
— Для мяне, Бяляцкі — гэта маральны аўтарытэт. Я вельмі ганаруся тым, што я ведаю гэтага чалавека асабіста. І нават калі б ён не быў Нобелеўскім лаўрэатам, Алесь Бяляцкі — гэта постаць, якая, мне падаецца, робіць увогуле беларускую нацыю крыху лепшай, каб яна крыху лепей выглядала ў вачах міжнароднай супольнасці.

Як зазначае юрыстка Магілёўскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна» Наталля Міхалькова, вельмі важна падымаць пытанні на паверхню пра ўмовы ўтрымання палітзняволеных, а не перагортваць старонку.
— Алесь не проста старшыня „Вясны“. Перш за ўсё, ён прыстойны чалавек, моцны, моцны духам, які ўсё сваё жыццё вядзе змаганне. Змаганне за нашую краіну, за дэмакратыю, за каштоўнасці, за мову.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Акцыя салідарнасці з вядомым праваабаронцам Алесем Бяляцкім адбылася ў Вільні ля мурала ў яго гонар, які побач з амбасадай Беларусі ў Літве. На мерапрыемства сабралася каля 40 неабыякавых беларусаў.














Беларускае Радыё Рацыя