Роўна тры гады прайшло з таго часу, як адбыўся бой пад украінскім Лісічанскам, у якім загінулі беларускія добраахвотнікі.

26 чэрвеня 2022 года чатыры беларусы, Іван “Брэст” Марчук, камандзір батальёна “Волат” палка Каліноўскага і байцы батальёна “Волат” Васіль “Атам” Грудовік, Вадзім “Папік” Шатроў, Васіль “Сябро” Парфянкоў паклалі свае жыцці за свабоду. Да таго падчас гэтага бою былі ўзятыя ў палон двое ваяроў батальёна “Волат” – Сяргей “Клешч” Дзёгцеў і Ян “Тромблі” Дзюрбейка. Пра іх лёс і дагэтуль нічога невядома.
Пра бой пад Лісічанскам і беларускіх ваяроў згадаюць 26 чэрвеня ў Вільні ў творчай прасторы “Кропка”.

Кажа арганізатар вечарыны і былы добраахвотнік Аляксандр Клачко:
– Нашы хлопцы атрымалі задачу пайсці ў выведку ў зададзены квадрат, і ў гэтым квадраце яны сутыкнуліся з калонай бронетэхнікі расейцаў, якія рыхтаваліся перасекчы апошнюю дарогу да Лісічанска праз нафтаперапрацоўчы завод. І вось хлопцы трапілі ў гэтае баявое сутыкненне, дзе чацвёра з нашых загінула і двое трапіла ў палон. Яны затрымалі гэтую расейскую калону на нейкі час і тым самым выратавалі значную колькасць жыццяў, у тым ліку ўкраінскіх вайсковых службоўцаў.
Дабрачынная ініцыятыва “Росквіт” і Аляксандр “Кусь” Клачко запрашаюць усіх зацікаўленых беларусаў 26 чэрвеня а 18.00 у “Кропку” ( Savičiaus g. 6, Vilnius) на вечарыну ў гонар беларускіх ваяроў, якія загінулі і трапілі ў палон пад Лісічанскам.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






