Акцыя вольных беларусаў прайшла ў Вільні 9 жніўня. На Кафедральнай плошчы сталіцы Літвы сабралася каля 500 беларусаў, каб згадаць чацвёртыя ўгодкі сумнавядомых падзей 2020 года. З таго часу рэжым Лукашэнкі рэпрасаваў больш за 50 000 беларусаў.
На плошчы выступілі былыя палітвязні, а пасля беларусы пад музыку Лявона Вольскага стварылі вялікі карагод і спявалі з ім вядомыя хіты.
Як кажа Лявон Вольскі з гэтым днём, 9 жніўня, са свайго рэпертуара ён асацыюе песню “Тры чарапахі”.
– Дзень пераломны ў лёсе шмат каго з беларусаў. Потым, калі пройдуць гэтыя цяжкія часы, трэба святкаваць гэты дзень, як дзень станаўлення нацыі, вяртання народу да нармальнага існавання. Перад гэтым, амаль 30-ць гадоў ён існаваў з паўзаплюшчанымі вачыма і гуляў у непрыемную, брудную гульню з уладай.
Паводле арганізатаркі акцыі, кіраўніцы валанцёрскай арганізацыі “Дапамога” Наталлі Калегавай, найбольш яе чакалі тыя, хто нядаўна прыехаў з Беларусі, і яна ўдзячна кожнаму беларусу, хто прыйшоў на акцыю.
– Мы не ў гульню тут гуляем і не святы тут карагодзім. Па-першае, гэта для аб’яднання. Па другое, як кажуць людзі, якія прыязджаюць адтуль: “Вы не ўяўляеце, як для нас важна разумець, што тут ёсць сіла”. Маленькая, вялікая – гэта няважна. Для іх важна тое, што тут адбываецца, для іх мы адзінае цэлае.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Ад Кафедральнай плошчы Вільні беларусы прайшліся Маршам годнасці да мемарыялу “Варта святла” па загінулых беларусаў, які знаходзіцца каля амбасады Беларусі. Там яны запалілі знічы і выказалі словы ўдзячнасці тым, хто змагаўся з рэжымам і ваяваў ва Украіне.
На плошчы праходзіць майстар-клас па пляценні сеткі для беларускіх вайскоўцаў, яе адправяць на фронт. Таксама свае рэчы для продажу выставілі рамеснікі, кавярня “Карчма 1863” і крамы “Кветкі ў Ліяны” і Kropka.
Мітынг пачаўся з успаміну мінулых падзей і падзякі літоўцам за прытулак. Хор праспяваў літоўскі гімн і беларускі гімн БНР — Ваяцкі марш. Так званая нацыянальная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская на акцыі ў Вільні не прысутнічала.
Прагучала песня „Кино — Перемен!“ на расейскай мове ў выкананні былога палітвязня Антона Маслыкі. Пасля Сяргей Космас спяваў песні на словы Сяргея Ціханоўскага.
Выступіў таксама знакаміты беларускі спявак Лявон Вольскі. Пачаў з песні “Мая зямля”.
Пад песню „Паветраны шар” прысутныя на акцыі зладзілі карагод. А вось „Простыя словы“ і “Тры чарапахі” беларусы заспявалі разам з Лявонам Вольскім.
Цяпер строіцца калона, каб рушыць Маршам годнасці да мемарыяла Варты святла ля амбасады Беларусі ў Вільні, і ўшанаваць забітых беларусаў.
Сотні беларусаў рушаць Маршам годнасці па вуліцах Вільні. Мінакі іх фатаграфуюць, здымаюць на відэа і выказваюць словы падтрымкі. Усяго ў маршы ўдзельнічала каля 500 беларусаў, якія жывуць у Літве.
Беларускае Радыё Рацыя