У Жэневе перад будынкам ААН прайшла акцыя ў падтрымку беларускіх прафсаюзных актывістаў пад назвай «Прафсаюзны актывізм не экстрэмізм» з патрабаваннем вызвалення з беларускіх турмаў прафсаюзных лідараў.

Пратэст падтрымалі швейцарскія прафсаюзныя актывісты, а таксама прадстаўнікі міжнародных і нацыянальных прафсаюзных абʼяднанняў. Месца і час акцыі абралі не выпадкова, паведамляе партал «Salidarnast». У гэты час у Жэневе праходзіць Міжнародная Канферэнцыя Працы, на якой будзе абмяркоўвацца і сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі. У форуме ўдзельнічаюць сотні прадстаўнікоў з усяго свету. У тым ліку ў Швейцарыю прыехала і ўрадавая дэлегацыя Беларусі ў складзе 12 чалавек.
Выступоўцы былі ў кашульках з выявай Аляксандра Ярашука, які знаходзіцца ў турме. Яны патрабавалі вызвалення больш як сарака прафсаюзных актывістаў з турмаў. А таксама спыненне ў Беларусі пераследу за прафсаюзную дзейнасць.






