Больш за сотню актывістаў сабраліся ўвечары 24 жніўня 2024 году ў грузінскім Батумі на плошчы Еўропы, каб разам адзначыць Дзень Незалежнасці Украіны.

На акцыі былі выступы актывістаў, перформанс ад украінскіх дзетак, спевы і хвіліна маўчання аб загінулых на вайне ва Украіне.


Пра важнасць адзначэння Дня незалежнасці Украіны кажа прадстаўнік супольнасці «Майдан Батумі» Аляксей Севярыненка:
— Незалежнасць і воля не даюцца проста так. За іх трэба змагацца штодня. А мы ўжо, мабыць, звыклі да іх. Хтось з нас малады, нарадзіўся ўжо ў вольнай Украіне. Мы заўжды маем згадваць, што гэта вымагае старанняў, што без нашых старанняў ніякіх волі і незалежнасці не будзе.


Зміцер, адзін з беларускіх актывістаў лічыць, што важна беларусам і ўкраінцам у гэты дзень абавязкова быць разам:
— Праз тое, што яны змагаюцца за тое, чаго не стае нам. І пасля іхнай мажлівай перамогі, у нас можа быць шанец.
РР: Тут, далёка, на некалькі тысячаў кіламетраў ад дому, нам важна быць важна.
— Важна, бо кучу акцыяў мы ладзім разам. Ім адным і нам адным было б цяжэй, чым разам. Таму так.

Пасля акцыі украінская музыка гучала ў Батумі да позняга вечара, бо вялікая колькасць кавярняў гораду вывесіла ўкраінскія сцягі і прапаноўвала наведнікам украінскія стравы.

Беларускае Радыё Рацыя