Сённяшні госць Беларускага Радыё Рацыя — украінскі вайсковы Антон з пазыўным «Чарнігаў».

Гутарым з ім пра вайну, параненне, эвакуацыю і патрэбы ўкраінскай арміі ў гэтай барацьбе. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Адкуль вы, куды накіроўваецеся, чаму так сталася, што вы ў Польшчы цяпер?
— Я з Украіны, з Чарнігава. Пасля ранення маю інваліднасць, то ў прынцыпе маю права выезду за мяжу, то можна сказаць падарожнічаю. Можа падлячуся дзе-небудзь за мяжой яшчэ, пабачым.
РР: Раскажыце пра сябе агулам, вы прыйшлі ў прыйшлі ў войска ў 2022 ці раней?
— У 2022 годзе, адразу там у лютым месяцы, як добраахвотнік запісаўся, трапіў у батальён. На час пачатку вайны знаходзіўся ў Адэсе. Не стаў ехаць дадому ў Чарнігаў, а пайшоў ваяваць. І літаральна там на трэці дзень, пасля таго, як я трапіў у наваствораны батальён, мы ўжо на трэці дзень выехалі ў Мікалаеўскую вобласць, ужо выконваць задачы.
РР: А што вас падштурхнула? То бок вас не мабілізавалі, вы самаахвотна пайшлі?
— Ну як, абараняць сваю зямлю ад ворага. І, як бы, размовы даўно былі пра тое, што Расея хоча напасці на Украіну. Гэтыя думкі былі даўно, і я даўно сабе вырашыў так, калі будзе ўварванне, то пайду ваяваць.
Зараз Антон хоча троху пабачыць свет і пабыць побач са сваімі дзецьмі, але праз некаторы час вайсковы плануе вяртацца да абароны бацькаўшчыны.
Беларускае Радыё Рацыя






