BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Улада пашырае магчымасці да цэнзуравання ў Інтэрнэце

Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў два палажэнні, якія датычацца доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і паслуг электрасувязі. Навошта з’явіліся гэтыя дакументы? Ці чакаць адключэнне мабільнай сувязі за чытанне экстрэмісцкіх сайтаў? І ці выратуе ВПН інтэрнэт-рэсурсы, доступ да якіх абмежаваны? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае журналістка Вольга Быкоўская.

Вольга Быкоўская

Вольга Быкоўская

РР: Навошта прыняты гэты дакумент?

Вольга Быкоўская: Я думаю, што гэта тэхнічнае замацаванне таго, магчымасць чаго сілавікі мелі прынамсі з 2020 года. Таму што ёсць такая рэч у Беларусі, вельмі распаўсюджаная, “экстрэмісцкае фармаванне”. Гэтым “экстрэмісцкім фармаваннем” сталі практычна ўсе незалежныя СМІ. Для таго, каб заблкаваць доступ да незалежнага СМІ, якое стала “экстрэмісцкім фармаваннем” нічога не трэба было, проста рашэнне сілавікоў. Нават суд не праводзіўся. З другога боку, гэтае рашэнне, канешне, умацоўвае прававы дэфолт у краіне, таму што ўсё менш і менш функцый застаецца ў судоў. Насамрэч, абмяжоўваць доступ да рэсурсаў павінны суды. Але сілавікам, падобна што, падалося гэта занадта доўгім працэсам. Гэта ж трэба рыхтаваць хаця б фармальна справы, везці іх у суд. Суд мусіць прымаць гэтае рашэнне. Гэта ж цэлых некалькі гадзінаў жыцця сілавіка ці чыноўніка. Гэта ж напэўна перагружае суды палітычнымі справамі. Вось яны вырашылі, што гэта можна больш не праводзіць, а яны проста самі могуць прымаць рашэнне без судоў. Як гэта раней казалі: “без суда і следства”.

РР: Ці гэтае абмежаванне будзе датычыць, што і праз ВПН не зможаш атрымаць доступ да гэтага інтэрнэт-рэсурса?

Вольга Быкоўская: Як вядома, калі дзяржава блакуе доступ да інтэрнэт-рэсурса, яны спрабуюць яго заблакаваць як мага мацней. Але 100% магчымасці яго заблакаваць, калі чалавек вельмі хоча яго прачытаць, насамрэч не існуе. Для незалежных СМІ гэта добра, а што гэта атрымліваецца ў якіх-небудзь злачынных груповак – гэта кепска. Але факт застаецца фактам. Акрамя ВПН існуе TOR – знакаміты браўзер, які практычна немагчыма заблакаваць. Таму я думаю, што эфектыўней блакіроўка ад гэтай пастановы не стане. Таму што гэта толькі тэхнічнае рашэнне, якое дазваляе сілавікам дзейнічаць хутчэй.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя