BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладальніка гарадзенскага блога «S13» засудзілі на 3,5 гады калоніі

Гарадзенскі абласны суд засудзіў палітвязня Сяргея Чабоцьку паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання).

Сяргей Чабоцька

Рэдактару прызначылі тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 1000 базавых велічыняў.

Паведамляецца, што ў судовым паседжанні мужчына віну не прызнаў.

Паводле матэрыялаў справы, Сяргей Чабоцька «супольна з іншымі асобамі стварыў сайт S13 і аднайменныя рэсурсы, дзе публікаваліся заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, абразы прадстаўнікоў улады і паклёпніцкія сведчанні датычна прэзідэнта Беларусі».

Рэдактара папулярнага гарадзенскага блогу S13 затрымалі 23 кастрычніка 2024 года. Яго спярша тройчы судзілі па адміністрацыйных артыкулах — за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” і “пікет” у інтэрнэце. Напрыканцы кастрычніка стала вядома, што кантэнт блогу S13 і яго сацсеткі прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.