BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Улады аб’явілі намесніка старшыні БАЖ Алега Агеева ў міждзяржаўны вышук

На падставе якога артыкула спецслужбы Беларусі І Расеі шукаюць намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, у вышуковай базе не пазначана. Раней у вышук быў аб’яўлены намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Алег Агееў. Фота: БАЖ.

У расейскай базе асобаў, якія знаходзяцца ў вышуку, не пазначаецца артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім пераследуецца грамадзянін ці грамадзянка. Пазначаныя толькі дата нараджэння, месца нараджэння, грамадзянства.

У каментары службе маніторынгу БАЖ Алег Агееў кажа, што, найверагодней, лукашэнкаўскі рэжым зрабіў запыт на вышук у Інтэрпал (Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі):

«Кожная краіна з’яўляецца суб’ектам, які ажыццяўляе крымінальны пераслед за злачынства, зробленае на яе тэрыторыі. Адпаведна, калі злачынец пакінуў краіну, а праваахоўнікі ведаюць яго новае месцазнаходжанне, яны могуць накіроўваць канкрэтны запыт у тую краіну, дзе ён меркавана знаходзіцца, ці аб’яўляць у міжнародны вышук.

Ёсць розныя працэдуры для гэтага, часцей за ўсё, праз Інтэрпал. Кожная краіна, якая ўваходзіць у Інтэрпал, можа ажыццяўляць гэты вышук на сваёй тэрыторыі і, адпаведна, выконваць усе свае нацыянальныя працэдуры. Таму калі органы крымінальнага пераследу ўнеслі ў спіс так званага міжнароднага вышуку пэўную асобу, то, адпаведна, кожная краіна Інтэрпала можа аб’явіць яго ў вышук і па сваіх нацыянальных працэдурах.

Расея вялікую колькасць беларусаў уключае ў сваю базу вышуку менавіта з той нагоды, што яны былі аб’яўленыя ў міжнародны вышук беларускімі органамі пераследу».

Паводле слоў юрыста, з’яўленне асабістых дадзеных у расейскай базе вышуку сведчыць пра тое, што ў Беларусі ў дачыненні да яго распачатая нейкая крымінальная справа. «Але ніякіх паведамленняў наконт гэтага я асабіста не атрымліваў. Наўрад ці мяне падавалі ў вышук як зніклага, гэта не мой выпадак», — іранізуе Алег Агееў.