Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 29 лютага за незаконнае выкарыстанне замежнай бязвыплатнай фінансавай дапамогі аштрафавала на 600 рублёў жонку палітвязня Аляксандра Капшуля Аксану Капшуль. Акрамя таго, суддзя пастанавіла спагнаць з «правапарушальніцы» ў даход дзяржавы 1993,48 рублёў ЗБД. Дапамога была атрымана ў выглядзе тавараў праз інтэрнэт-краму, паведамляе Віцебская вясна.

У судзе стала вядома, што Аксана атрымала і надалей выкарыстоўвала ў асабістых мэтах замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе прадуктаў харчавання і бытавой хіміі на агульную суму не менш за 1993,48 рублёў. Грошы ёй былі пералічаныя “INeedHelpBY”, прадстаўнікоў гэтай ініцыятывы ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.
У судовым паседжанні жанчына віну ў здзяйсненні правапарушэння не прызнала.






