Улады Гарадзеншчыне прызнаюць недахоп медыкаў у вобласці. Пры гэтым стараюцца паказаць, што для іх гэтая праблема меншая ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі.

Гарадзенская вобласць у меншай ступені адчувае праблему недахопу медыцынскіх кадраў, бо мае на сваёй тэрыторыі медыцынскі ўніверсітэт, перадае словы начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Святланы Лазуты праўладнае агенцтва БЕЛТА.
“Зыходзячы з таго, што ў нас свой медыцынскі ўніверсітэт, як раз праблема менш за ўсё стаіць. У нас укамплектаванасць нядрэнная. Па штатных пасадах за дзевяць месяцаў укамплектаванасць па лекарах – больш за 90%”, – сказала Святлана Лазута.
Таму, заўважыла яна, вобласць крытыкуюць за вельмі нізкі працэнт сумяшчальніцтва. “Але гэта не праз тое, што яны не хочуць, а праз тое, што сапраўды ўкамплектаванасць нядрэнная”, – патлумачыла начальніца ўпраўлення.
Галоўны лекар Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Дзмітрый Зайцаў у сваю чаргу адзначае, што Менскай вобласці патрабуюцца спецыялісты. Горад Менск забірае спецыялістаў, якіх рыхтуе сталічны медуніверсітэт. “Гэта два вялікія рэгіёны, якім трэба кожны год шмат спецыялістаў”, – сказаў ён.
Беларускае Радыё Рацыя






