Актывісты Гарадзеншчыны ў ранейшыя гады традыцыйна ўшаноўвалі памяць продкаў на Дзяды. Гэта былі розныя мерапрыемствы, у тым ліку ўсталяванне крыжоў і знакаміты Свіслацкі фэст. Пра гэта наша карэспандэнтка Яна Запольская размаўляе з Госцем Рацыі – грамадскім актывістам, публіцыстам з Гарадзеншчыны Уладзімірам Хільмановічам, які быў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў многіх памятных акцый.

РР: У Каталіцкім касцёле 1 лістапада адзначаецца Дзень усіх святых, а 2 лістапада – традыцыйныя Дзяды, якія адзначаюцца сярод беларусаў. І вось гэтыя памятныя дні заўсёды ўшаноўвалі і адзначалі актывісты з Гарадзеншчыны. Пра што згадваецца ў гэтыя дні табе асабіста?
Уладзімір Хільмановіч: Прыгадваецца найперш, як закладалася традыцыя святкавання, дакладней, як адраджалася традыцыя адзначэння Дзядоў на Гарадзеншчыне. Ведаем, што ў найноўшай гтсторыі адраджэнне Дзядоў пачалося з Менску, з Дзядоў-88, такая знакамітая славутая падзея, якая дала магутны штуршок нацыянальнаму адраджэнню. І на Гарадзеншчыне, як прыгадваю, калі я вярнуўся з савецкага войска, гэта быў канец 80-ых, клуб “Паходня” арганізоўваў разнастайныя акцыі, у тым ліку і прыбіранне могілак.
Але ўжо так стала, што традыцыя адзначэння Дзядоў на Гарадзеншчыне можна сказаць склалася з канца 90-ых гадоў. Яно складалася спакваля, гэтыя візіты былі не сістэмныя на могілкі на Дзяды, але пачынаючы дзесьці – 1997-98 гадоў гэтая традыцыя адрадзілася і пачыналася яна менавіта са Свіслачы. З таго самага фэсту, які адбываўся больш за 20 гадоў таму. Гэта дзень памяці паўстанцаў 1863 года, калі была знойдзена магіла Віктара Каліноўскага, ідэолага паўстання, старэйшага брата Кастуся Каліноўскага. Тады пачалі адбывацца ў Свіслачы вось гэтыя акцыі памяці, і па сутнасці на Гарадзеншчыне Дзяды расцягваліся на цэлы тыдзень, бо прывязка была да даты нараджэння Віктара Каліноўскага, гэта 25 кастрычніка. І звычайна ў апошні ўікенд кастрычніка альбо нават на самыя Дзяды адзначаўся гэты дзень памяці. Прадаўжаўся ён і адзначалі яго ўсе ў сваіх гарадах.
РР: Можа згадаем гэты свіслацкі фэст, які, як ты адзначыў, ладзіўся два дзесяцігоддзі. Апошнія гады ён, на жаль, не адбываецца. Бо там таксама была свая традыцыйная праграма гэтага фэсту.
Уладзімір Хільмановіч: Свіслацкі раён – гэта некалькі такіх кропак гістарычных, якія звязаныя з удзельнікамі вызвольнага руху, з дзеячамі беларускімі і польскімі, з супольнымі нашымі дзеячамі. І вось гэта ўсё дало штуршок знаходжання вось гэтай магілы Віктара Каліноўскага, пра якую я згадваў.
РР: Калі яна была знойдзеная?
Уладзімір Хільмановіч: Яна была знойдзена прыблізна ў 1989 годзе, а ўжо пазней адбылася рэстаўрацыя крыжа з удзелам гарадзенцаў. Чынны ўдзел бралі, светлай памяці, Зміцер Кісель, іншыя паплечнікі. І вось тады ўжо пачалося гэтае адзначэнне спакваля, за два-тры гады выкрышталізавалася гэтая акцыя штогадовая памяці, якая праходзіла ў Свіслачы ў некалькі кропках. Там помнік Рамуальду Траўгуту, там магіла Віктара Каліноўскага, там помнік Кастусю Каліноўскаму, нават два былі помнікі, адзін рассыпаўся, там славутая свіслацкая гімназія і выезд у Якушоўку, якая была знойдзе, падмуркі, яшчэ на раскопках Міхася Ткачова, дзе я студэнтам меў шчасце браць удзел.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя






