“Гісторыя беларускіх рэчаў” – новая рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: рамеснікамі, дызайнерамі, мастакамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.
Чарговым госцем праекту стаў Уладзімір Маляўка – сузаснавальнік беларускага брэнду Znivien.
ГІСТОРЫЯ
Брэнд Znivien – гэта рэакцыя на тое, што адбываецца ў Беларусі пасля 2020 года. У той час я на працягу некалькіх месяцаў публікаваў усялякія арт-пратэстныя карцінкі. Але мне хацелася, каб яны былі не толькі ў digital-асяроддзі. Таму вырашыў прынесці іх на вопратку і зрабіць мерч. На той момант я жыў яшчэ ў Беларусі. Але ў мяне быў сябар, ён ужо з’ехаў у Кракаў. І мы паспрабавалі зрабіць некалькі маек і прадаць іх. У першай партыі было каля 10 цішотак. Так усё і пачалося.
Цяпер я не саромеюся называць Znivien брэндам. Бо гэта паўнавартасная праца, якая патрабуе ад кожнага з нас часу, грошаў, нерваў. Гэта новы беларускі брэнд, які развівае новую беларускую культуру. Мы не спыняемся на распаўсюджанай тэме “пагоні”, бела-чырвона-белага сцяга і гэтай далей. З гэтым файна спраўляюцца многія іншыя брэнды. Мы хочам крыху змясіць фокус і рухацца далей. Але ўсе нашыя прынты нясуць пратэстны сэнс. Нешта з гэтага прыдумлялася ў Беларусі. Тое, што мяне раздражняла, я выплёскваў у дызайн.
Калі пачалася вайна, мне захацелася стаць часткай антываеннага руху. Так з’явілася “Кахай, не ваюй”. Таксама мы прыдумалі класны прынт, які быў зроблены быццам з процітанкавых перагорнутых вожыкаў.
Самыя папулярны наш прынт – Make Belarus Zaebis Again. Гэта наш бэстсэлер. Думаю, нават калі Znivien будзе завяршаць сваё існаванне, гэтая фраза ўсё адно застанецца самай папулярнай у нас. Раней нам пісалі: “Ай-яй, як так?! Гэтую ж фразу Трамп казаў, а Трамп такі дрэнны”. Так, мы не падтрымліваем ідэі Трампа. Але ў нашым прачытанні закладзеная фраза: Make America Great Again! Гэта мемны выраз. І мы як сучасны брэнд маем права сысці ў постмадэрнізм і перагарнуць фразу ў сваё рэчышча. У нашай фразе “Make Belarus Zaebis Again” няма нейкай недасягальнай велічы Беларусі ці ўльтранацыяналізму. Не. Гэта прынт пра тое, што мы хочам жыць у Беларусі, хочам зрабіць гэтую краіну класнай.
Таксама ў нас ёсць мерч з Якубам Коласам. Думка пра гэта была на паверхні. Я памятаю, як яшчэ ў дзяцінстве ў нас з сябрам была такая фармацыя “ЯК у квадраце”. Усе з гэтым гуляліся. А яшчэ памятаю, даўно зрабіў карцінку: намаляваў Я, потым – куб, потым – каласок. І ўсё жыццё ў мяне ў галаве было, што Якуб Колас – гэта coca-cola (таму што “прозвішча” у яго такое).
Таму з’яўленне прынта не было запланавай акцыяй. Я проста прыгадаў, што ў яго – Народзіны. А мне заўсёды хацелася зрабіць нейкі прынт або калекцыю, прысвечаную беларускім паэтам і культуры. Так і атрымалася ўсё.
ЛЮДЗІ
Першай медыйнай асобай, у якой з’явіліся нашыя рэчы, быў блогер Марцін Крам. Мы з ім сустрэліся на міжнародным фэсце “Опур” у Варшаве.
Затым Мікіта Мелказёраў зняўся ў нашай цішотцы ў выпуску сваёй праграмы. І гэта дало добры вынік: на нас падпісалася ў instagram каля 100 чалавек.
Таксама ў нас плануюцца калабарацыі з 2 вядомымі асобамі. Думаю, усім спадабаецца. І пасля гэтага медыйных людзей, якія носяць нашыя цішоткі, стане больш на пару чалавек.
Цікавая гісторыя ў нас адбылася, калі мы ўдзельнічалі ў мерапрыемстве ў Музеі Вольнай Беларусі. Там былі запрошаныя госці польскія палітыкі, выступаў і Павел Паўлавіч Латушка. І ў нейкую секунду я ўбачыў, як ён вельмі хутка праходзіць каля мяне, амаль бяжыць. Я думаю: “Што здарылася?” Бягу за ім. Гляджу: ён даходзіць да маркета, дзе стаіць Znivien, і пытае ў майго калегі: “Хлопцы, а майка якая ёсць?” А ў нас тады была цішотка “мінімалізм”: чырвоны прастакутнік на белым фоне. Нагадвае бела-чырвона-белую сімволіку, хаця па факце – на белым фоне – геаметрычная фігура. Карацей, забраў ён яе. І ўручыў гэтую майку польскаму мэру. Магчыма, недзе цяпер польскія палітык носіць тую майку.
Я не магу сказаць, што адчуваю моцную канкурэнцыя сярод беларускіх брэндаў. Я думаю, што мы прасоўваннем нашай павесткі мы замаемся ўсе разам. Нейкія брэнды адпадаюць, нейкія з’яўляюцца.
Колькасць замоў у нас за гэтыя 3 гады расла. Але пакуль мы перажываем невялікі крызіс.
А яшчэ мы разумеем, што беларуская дыяспара вельмі раскіданая па свеце, але нашыя продажы ў асноўным – гэта Польшча і Варшава. Мне хочацца, каб Znivien больш глабальным брэндам, які ахоплівае ўвесь свет, беларусаў паўсюль.
Таксама, магчыма, мы будзем спрабаваць і працаваць з украінскай аўдыторыяй.
ПАДТРЫМКА
Калі мы можам, то заўсёды ўдзельнічаем у дабрачынных мерапрыемствах у падтрымку палітвязняў. Не так даўно прайшла чарговая з іх, калі мы за данат разыгрывалі майку. Магчыма, да 21 траўня (дня палітвязня) таксама нешта зробім.
Летась мы ладзілі класную калабарацыю, прысвечаную Насце Лойка. Выпусцілі калекцыю маек, на якіх быў малюнак. Калі яго адсканаваць, то з’яўлялася інфармацыя пра Насту і іншых палітзняволеных у Беларусі.
Мы заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва з арганізацыямі.
ІНСТАГРАМ
Наш instagram быў прызнаны экстрэмісцкім. З аднаго боку мы рады, з другога – не, бо ў нас было шмат людзей з Беларусі, а зараз ні лайкаць, ні рэпосціць нельга. І мы просім гэтага не рабіць. Лепш мы будзем працаваць з тымі, хто ў бяспецы.
Да ўсяго год таму наш instagram выдаліў наш акаўнт, таму што, на яго думку, мы парушылі аўтарскія правы. Я нагадаю, што мы тады перараблялі вядомыя прынты на ўкраінскія тэмы: так у нас Аdidas пераўтвараўся ў Адэсу, а Nike – у Кіеў. З levi’s мы тады зрабілі Львоў і праз пару дзён instagram выдаліў наш акаўнт. Давялося пачынаць усё нанова.
ПОСТСКРЫПТУМ
Файная гісторыя адбылася перад першым ці другім Кубкам Івуліна. Мы збіраліся гуляць у футбол сваёй камандай. Я тады яшчэ нікога не ведаў. Бачу – хлопец ідзе ў чорнай цішотцы, на якой напісана Make Belarus Zaebis Again. Я кажу: “О, класная майка!” Ён: “У мяне дзве такія! У Кракаве нядаўна набыў”. Я – яму: “Я – стваральнік гэтага брэнда”.
Такія гісторыі мне вельмі падабаюцца. Калі ты ў горадзе бачыш людзей у тваім мерчы, гэта заўсёды натхняе і дае разуменне, што нашая праца не сыходзіць кудысьці ў стол. Гэтым карыстаюцца. І гэта зараджае цябе на новыя здзяйсненні.
Беларускае Радыё Рацыя