
Праваабаронцы цэнтра “Вясна” не спыняюць усімі даступнымі метадамі абараняць правы чалавека. Пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі мы паразмаўлялі з “Госцем Рацыі” сябрам “Вясны” з Берасця Уладзімірам Вялічкіным:
РР: Ці палепшылася сітуацыя з правамі чалавека на Берасцейшчыне?
– З правамі чалавека на Берасцейшчыне, як і ва ўсёй Беларусі катастрофа. Але магу адзначыць, што мабыць усё ж такі паўдзённыя і заходнія вобласці, як Гомель і Берасцейшчына, яны пад найбольшай увагай рэпрэсіўных органаў.
РР: Чаму, як вы лічыце? У чым прычына?
– Перадусім таму, што гэта памежныя з Украінай тэрыторыі. Берасцейская ў дадатак яшчэ і памежная з Польшчай тэрыторыя. У мінулым тая ж Берасцейшчына, гэта ўсё ж такі частка Рэчы Паспалітай. Народ, які тут пражывае, ён заўсёды жыў не тое, што ў сяброўстве, а як адзін народ з украінскім народам. То бок гэта была адна тэрыторыя населеная людзьмі, якія ўваходзілі ў склад той самай Рэчы Паспалітай. Тут сваякі, тут узаемаразуменне, тут адна культура, супольная гісторыя, таму рэпрэсіі скіраваныя сюды.
РР: Па якіх справах да гэтага часу затрымліваюць і заводзяць крымінальныя справы?
– Берасцейская вобласць яна заўсёды лічылася адной з самых пратэстных частак Беларусі. Пад каток рэпрэсій патрапіла з самага пачатку. Мы ведаем, што толькі па масавых беспарадках па 293 артыкуле судзілі людзей у Берасці і Пінску. Гэта быў не адзін, ні два чалавека, судзілі дзясяткамі. У Пінску было дзве такіх групы ці нават болей, у Берасці было каля сямі. Другі момант, гэта тая ж “карагодная справа”, калі зноў жа некалькі тузінаў было прыцягнута да адказнасці. На сённяшні дзень гэта ўсё не спыняецца. Дзяржава “скануе” настроі ў грамадстве і мы бачым, што ў выніку гэтага “сканавання” яны разумеюць, што гэты рэгіён трэба моцна трымаць “ва ўздзе”, каб ён не вырваўся з-пад кантролю. Таму ўвесь час праводзяцца нейкія рэпрэсіўныя меры. Мы бачым рэйды па рэгіёнам.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Паводле Уладзіміра Вялічкіна, лукашэнкаўскі рэжым кінуў за краты ўсё кіраўніцтва “Вясны”. Але калектыў праваабаронцаў мужна працягвае працу па дапамозе тым, чые правы топчуць ахоўнікі рэжыму.
Беларускае Радыё Рацыя






