Віртуальны ўніверсітэт запрашае на анлайн-курс Уладзіміра Зуева «Рызыкі ў нашым жыцці. Як да іх падрыхтавацца?».

Курс складаецца з трох заняткаў, прысвечаных фармаванню практычных навыкаў дзеянняў у розных надзвычайных сітуацыях, у першую чаргу на тэрыторыі Польшчы.
Акрамя традыцыйных пагроз: блэкаўт, пажары, паводкі і паветраныя атакі,на курсе разглядаюцца кібербяспека, дэзынфармацыя і паводзіны ў натоўпе.
Асобна будзе звернута ўвага на «Poradnik Bezpieczeństwa», які распаўсюджваецца па ўсёй Польшчы, у тым ліку і на Падляшшы, і на тое, як яго рэкамендацыі можна інтэграваць у асабісты план дзеянняў.
Пра сам курс і асновы бяспекі на тэрыторыі Польшчы распавядзе наш «Госць Рацыі», вядоўца анлайн-курсу і спецыяліст па ўстойлівым развіцці, Уладзімір Зуеў.
РР: Раскажыце пра курсы па бяспецы, якія вы будзеце праводзіць з 12 студзеня і як яны суадносяцца з той дзяржаўнай праграмай пра дзеянні падчас крызісу, так званым «Poradnik Bezpieczeństwa», які зараз распаўсюджваецца, у тым ліку і на Падляшша?
Уладзімір Зуеў: Па-першае, у межах віртуальнага ўніверсітэта была магчымасць заявіць нейкія анлайн-курсы. І я гэта зрабіў, скарыстаўся магчымасцю, таму што я зараз выкладаю ў адной вышэйшай установе, на курсе вывучаю крызіснае кіраванне і надзвычайныя сітуацыі, і я вырашыў, што такі акадэмічны курс можа быць карысны ў тым ліку і для звычайных людзей, якія жывуць і ў Польшчы, і ў Беларусі. І прысвяціў тры лекцыі вось якраз такім актуальным праблемам, звязаным з тым, што мы зараз жывём у свеце, што дзе нават адключэнне электрычнасці з-за нейкага дрэннага надвор’я, моцнага ветру, тэхнагеннай нейкай аварыі, інфармацыйнай і нават ваеннай пагрозы могуць адбыцца нечакана і ўплываць на кожнага з нас.
Рызыкі сталі па сутнасці не нейкім далёкім, а часткай нашай рэальнасці, нават улічваючы тое, што дзяржава павінна пра ўсё клапаціцца, то бок і ў Польшчы, і ў Беларусі. І сапраўды ў розных дзяржавах існуюць службы па надзвычайных сітуацыях, ёсць сістэма апавяшчэння, але тут важна разумець, што дзяржава – гэта не чалавек побач з вамі ў крытычную хвіліну. І ў першых гадзіны, першыя хвіліны надзвычайнай сітуацыі, вы заўсёды застаяцеся сам-насам з абставінамі, са сваёй сям’ёй, дзецьмі, рашэннямі. І службы не могуць быць усюды адначасова. Інфармацыя нават паступае з затрымкай, і дапамога не можа прыйсці адразу. Таму спадзявацца толькі на кагосьці іншага – гэта значыць перакладаць адказнасць за ўласную бяспеку. Так што галоўнае паняцце майго курсу – гэта падрыхтоўка. Важна адразу зняць страх, што падрыхтоўка – гэта не паніка, не параноя, гэта не пра жыццё ў страху, а гэта спакойная, асэнсаваная форма адказнасці.
Так што пройдуць тры лекцыі, адна з якіх прысвечаная рызыкам сучаснага свету і асабістай гатовасці, другая – на падрыхтоўку дома транспарту і рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, і трэцяя звязаная з камбінаванымі пагрозамі, у тым ліку кібербяспека, інфармацыйнымі пагрозамі, хімічнымі, біялагічнымі, нават ваеннымі.
Якраз гэтая лекцыя называецца “Для цябе. А не для ўсіх”. Гаварыць пра тое, што рызыкі ў сучасным свеце – гэта не пра мяне, вельмі небяспечна. І мы пастараемся з гэтым разабрацца падчас лекцый.
РР: Па вашым досведзе па тым курсе, што падрыхтаваны, якая самая галоўная памылка людзей у стане нявызначанасці пры сітуацыях крызісу?
Уладзімір Зуеў: У сітуацыях нявызначанасці самая галоўная памылка – гэта няведанне сваіх крокаў далей, што рабіць. То бок па-першае, трэба вельмі цвяроза, спакойна асэнсаваць пагрозу і дзейнічаць у адпаведнасці з вядомымі алгарытмамі. Таму што на ўсе існуючыя магчымыя надзвычайныя сітуацыі ёсць алгарытм дзеянняў. У тым ліку з выкарыстаннем паслуг дзяржаўных структур.
З «Госцем Рацыі», вядоўцам анлайн-курсу «Рызыкі ў нашым жыцці. Як да іх падрыхтавацца?» Уладзімірам Зуевым, размаўляла Вольга Сямашка.
Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўатара і з архіва Уладзіміра Зуева.
Запісы на курс тут.






