BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладзіслаў Бернат: “Гародня сніцца і цяпер, і тады, і будзе сніцца яшчэ”

Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім на эміграцыі давялося пачынаць усё спачатку і засвойваць новыя прафесіі.

Гісторыя 11. Гарадзенскі музыка, вакаліст панк-гурта Dzieciuki Уладзіслаў Бернат, вядомы многім як “Дзядзенька”, паводле прафесіі настаўнік англійскай мовы. Аднак да вымушанага ад’езду з Беларусі працаваў барменам. Цяпер жыве ў Беластоку і працуе на смеццявозе.

Уладзіслаў скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пасля сканчэння ВНУ працаваў настаўнікам англійскай мовы ў школе. Аднак звольніўся і пайшоў працаваць у бары, спачатку як ахоўнік, а потым як бармен. Менавіта барменам у адным з гарадзенскіх бараў працаваў Уладзіслаў, калі яму давялося эміграваць.

— Гэта быў жнівень 2022 года. — Згадвае Уладзіслаў Бернат. — За паўтара месяца да гэтага мне патэлефанаваў знаёмы, з якім мы граем у гурце і сказаў, што нашага гітарыста ўзялі і пытанні былі наконт нас. І знаёмы ў той момант ужо ехаў праз мяжу. Мне давялося выбіраць: ці застацца і баяцца далей, ці з’язджаць. Я абраў другое. Нейкі час пажыў у сяброў, каб не знайшлі дома. А 18 жніўня я перасек мяжу. І жыву ў Польшчы амаль два гады.

Музыка адразу паехаў у Беласток, дзе яго на вакзале сустрэў сябра, які дапамог знайсці працу. Менавіта ён запрасіў Уладзіслава працаваць на смеццявозе, дзе працаваў тады і сам.

Бусел на сметніку

На працы бывае холадна

Як адзначае вакаліст панк-гурта Dzieciuki, адаптавацца ў Польшчы яму было дастаткова лёгка, бо польскай мовай ён карыстаўся і раней падчас канцэртаў ці тураў па Польшчы.

— Плюс, канешне, Беласток — гэта Гародня, якую мы калісьці згубілі. — Жартуе Уладзіслаў. — Беласток знаходзіцца зусім блізка ад мяжы, тут вельмі шмат беларусаў, сяброў, знаёмых. Нават ёсць бар, у якім працуюць беларусы і ў які ходзяць беларусы. Таму адаптацыя прайшла лёгка і з задавальненнем. Але нягледзячы на гэта, Гародня ўсё роўна сніцца і цяпер, і тады і, напэўна, будзе сніцца яшчэ.

Уладзіслаў Бернат працуе цяпер на смеццявозе. Як прызнаецца музыка і былы настаўнік англійскай мовы, гэта адна з найцяжэйшых прац:

— Гэта цяжкая праца, бо ў любое надвор’е (дождж, град, снег ці такая спякота, як цяпер) мы цягаем кантэйнеры, А яны далёка не заўжды прыемна пахнуць. Мы збіраем смецце. Вы ж бачылі, відаць, аранжавыя машыны, з якіх выскокваюць такія самыя аранжавыя людзі, смешна лаюцца, забіраюць кантэйнеры і адстаўляюць іх назад. Вось гэта акурат мы. Час ад часу трэба збіраць не толькі кантэйнеры, але і смецце, якое выстаўляецца ў мяхах. Акурат нядаўна мы збіралі, як тут называюць “зялёныя адкіды”, то бок траву, лісце, галлё — тое, што людзі пазбіралі на падворку. І несці гэта зусім нялёгка. За адзін дзень акурат мы назбіралі каля 7 тон адкідаў. У такое надвор’е!

Уладзіслаў працуе пяць разоў на тыдзень. Праца пачынаецца ад 5 ці 6 раніцы ў залежнасці ад таго, з якой ён брыгадай едзе. Скончыцца можа і ў 13 гадзін, і ў 18. За два гады работы на смеццявозе раней за ўсё ва Уладзіслава атрымалася скончыць работу ў 11.50, а пазней за ўсё —у 20.30. Музыку плацяць за гадзіны працы, бо працуе праз агенцтва працы. То бок колькі адпрацаваў, столькі і атрымаў грошай. Акрамя таго, ва Уладзіслава ёсць падпрацоўкі. Наконт іншай працы Уладзіслаў таксама задумваецца:

— Мне даволі цяжка на адным месцы. Барменам я і так падпрацоўваю, мінімум раз на тыдзень. Я, канешне, шукаю чагосьці лепшага, кідаю рэзюмэ на розныя вакансіі, якія мяне цікавяць, але пакуль што не знайшоў штосьці, каб настолькі мяне задавальняла. Таму, пакуль што працую на смеццявозы. І гэта праца, на якой насамрэч можна дамовіцца з калегамі, калі мне трэба кудысьці выехаць. Накшталт: “Пазбірайце без мяне, а пасля я вам неяк аддзячу”. І яшчэ гэта магчымасць знайсці нешта. Я знаходзіў залатое кальцо, пярцовы балончык, які пакуль што, дзякуй богу, мне не спатрэбіўся, VRакуляры і іншыя розныя цікавыя штукі. Гэта вялікі плюс і гэта пакуль што весела.

Калі ўсё зменіцца ў Беларусі, то, як адзначае музыка, там будзе шмат працы: “Як мінімум гэта будзе вялізнае неўзаранае поле. Тое, што пакідае цяпер рэжым, — гэта дзірка, гэта нішто. А калі ўсё зменіцца, то будзе шмат магчымасцяў, каб развівацца.”

На думку Уладзіслава, развіццё краіны будзе залежыць ад таго, колькі чалавек захоча вярнуцца дадому, калі зменіцца рэжым:

— Калі паедзе адзін ці два, яны не зробяць нічога. А калі гэта будзе масавае вяртанне дадому, то, магчыма, Беларусь будзе буйной еўрапейскай краінай, якая будзе квітнець і, будзем спадзявацца, не будзе залежаць ад усходняга суседу.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя