BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Уладзіславу Завальнюку – 75

8 ліпеня каталіцкі святар, рэлігійны і культурны грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў, гісторык, выдавец, перакладчык і публіцыст, магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук Уладзіслаў Завальнюк адзначае юбілей – 75-годдзе з дня нараджэння.

Уладзіслаў Завальнюк паходзіць з сялянскай каталіцкай сям’і. Скончыў Жданаўскую сярэднюю школу (1965). Клірык Рыжскай вышэйшай духоўнай семінарыі (1969—74). Пасвячоны ў святары (1974, Рыга).

Душпастырскую дзейнасць распачаў на пасадзе пробашча грэка-каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве. Потым служыў у Латвіі, Расеі, Казахстане.

З 1980 года зноў у Латвіі. Служыў вікарыем у мястэчку Варакаяны. Быў абмежаваны савецкімі адміністрацыйнымі ўладамі ў выкананні святарскіх абавязкаў — меў права толькі спавядаць і адпраўляць імшу. У лістападзе — снежні 1980 годзе прымусова змешчаны ў псіхіятрычную лякарню ў г. Даўгапілсе.

У 1984 годзе Уладзіслаў Завальнюк быў пераведзены ў Беларусь. Служыў пробашчам у Глыбокім. Пасля 1988 года адначасова аказваў святарскую паслугу ў якасці вікарыя ў мінскім Крыжаўздвіжанскім касцёле. З 1989 годзе разам з вернікамі змагаўся за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Менску (касцёл Святога Сымона і Святой Алены, кафедральны касцёл найсвяцейшай Дзевы Марыі, касцёл Святога Роха). Аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і іншыя.

З пачатку 1990-х гадоў паслядоўна праводзіць беларусізацыю каталіцкай царквы ў Беларусі. Завочна прадоўжыў вучобу ў Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Скончыў вышэйшыя магістарскія курсы па тэалогіі (1993).

З 1991 года Уладзіслаў Завальнюк вядзе шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць. Падрыхтаваў і выдаў на беларускай мове шэраг кніг для вернікаў: «Святая імша» (1990), «Катэхізм» (1993, на 4-х мовах), «Будслаўскі касцёл — святыня Беларусі» (1993), «Святыня Беларусі» (1994), «Святы Ружанец» (1994), «Прыгатаванне да першай святой споведзі» (1995), «Абрады пахавання» (1998) і інш. Адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Канфесіі на Беларусі (канец ХVIII — ХХ ст.)» (1998). На Беларускім радыё вёў рэлігійную перадачу «Голас душы» (1993—2000). Адзін з заснавальнікаў Хрысціянскага таварыства міласэрнасці (1993). Сябар Каардынацыйнай камісіі Сінода Мінска-Магілёўскай і Пінскай архідыяцэзій (1996). Ініцыятар адкрыцця ў Менску Беларускага каталіцкага ўніверсітэта. Прыняў удзел у перакладзе для каталіцкага духавенства ў Беларусі літургічных кніг «Імшал», «Рытуал». Правадзейны член Міжнароднай акадэміі экалогіі (1999). Выступае з артыкуламі нацыянальна-рэлігійнай праблематыкі ў беларускім і замежным друку. Адзін з арганізатараў дабрачыннага Фонда абароны жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя