Згодна з унесенымі зменамі і дапаўненнямі ў Канстытуцыю ў адпаведнасці з рашэннем рэферэндуму ад 4 сакавіка 2022 года знята абмежаванне для ўдзелу ў галасаванні для асоб, у дачыненні да якіх абраная мера стрымання – утрыманне пад вартай. Так, на гэтых “выбарах” дадасца яшчэ 10 участкаў для галасавання па колькасці следчых ізалятараў і турмаў у Беларусі. Яшчэ невядома, як будуць арганізаваныя ўчасткі для галасавання ў СІЗА, наладжаны працэс галасавання і ці будуць туды дапушчаныя назіральнікі.
Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка адзначаў, што вяртанне права абіраць зняволеным пад варту — гэта адно з нямногіх змяненняў у Канстытуцыю, якое варта ацаніць станоўча, але пры гэтым варта ўлічваць шэраг нюансаў:
«Гэта выпраўленне грубай памылкі заканадаўцаў, якія ўразілі ў грамадзянскіх правах людзей, што не прызнаныя вінаватымі выракам суда, які ўступіў у законную сілу. Гэта закране амаль 5 000 чалавек. Аднак яшчэ большую каштоўнасць такая змена мела б, калі б суправаджалася іншымі зменамі выбарчага заканадаўства, якія як мінімум гарантавалі б правільны падлік вынікаў волевыяўлення гэтых людзей».
вясна