Прэм’ера дакументальнага фільму і прэм’ера аудыяп’есы, выхад новай кнігі на расейскай ды ангельскай мовах. Такія творчыя поспехі ў драматурга, рэжысёра, выкладчыка беларускага пратэстнага мастацтва, навуковага даследчыка Ельскага ўніверсітэта Андрэя Курэйчыка, які зараз знаходзіцца ў эміграцыі ў ЗША. Пра ўсё гэта з нашым Госцем Рацыі гутарыла Аліса Поль.

РР: За апошні час якія маеце творчыя поспехі і чым хацелі б падзяліцца?
Андрэй Курэйчык: Па-першае, я раблю мерапрыемствы ва ўніверсітэтах ЗША, каб трымаць на парадку дня тэму нашых палітзняволеных, і тут, у Ельскім універсітэце, у студзені будзе вялікая прэзентацыя дакументальнага фільма, які базуецца на маёй п’есе “Галасы Новай Беларусі”. Фільм, які агучваў знакаміты прафесар Цімаці Снайдар ды іншыя прафесары Еля пра нашых палітвязняў. Пра Алеся Бяляцкага, пра Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча і менш знакамітых, для кагосьці менш знакамітых, але вельмі важлівых палітвязняў, як, напрыклад, Марына Золатава ды іншыя.
Гэта вось першае такое мерапрыемства, якое мы робім у Елі, таксама з вялікай дыскусіяй, як акадэмічная супольнасць можа паўплываць на тое, каб выпусцілі палітзняволеных у Беларусі і не забывалі, нарэшце, пра палітзняволеных у Беларусі. Таксама выходзяць дзве мае кнігі, адна на ангельскай мове, а адна на расейскай, на жаль, не ўсе мае п’есы перакладзеныя на беларускую мову. Але так здарылася, што выходзяць на расейскай, як яны былі напісаныя. Гэта тыя п’есы, якія зараз забароненыя ў Беларусі. Вы ведаеце, што ў мяне ў галаве вельмі паспяховая тэатральная кар’ера, ішлі мае п’есы ва ўсіх нацыянальных беларускіх тэатрах, і Купалаўскім, і Коласаўскім, і Горкаўскім, і ў рэгіянальных тэатрах, і ў Гародні, і ў Магілёве. Але, на жаль, іх усе забаранілі, таму што я стаў чальцом Каардынацыйнай Рады і падтрымаў беларусаў у 2020 годзе. Але каб гэтыя п’есы не зніклі, у Кіеве выдавецтва “Друкарскі двор” робіць такую вялікую калекцыю, і вось гэтая калекцыя, гэтая кніга будзе распаўсюджвацца і за мяжой. І беларусы змогуць таксама гэтыя п’есы пачытаць, а тэатры, мабыць, і паставіць.
А таксама калекцыя маіх палітычных п’ес, маёй такой грамадзянскай драматургіі выйдзе на ангельскай мове ў Паўночнай Караліне. Гэта п’есы пра нашу беларускую рэвалюцыю, таксама тая п’еса, якая ўвайшла ў дакументальную стужку, якую мы пакажам у Елі. Вось пакуль такія планы.
РР: Давайце вернемся да прэм’еры вашага дакументальнага фільма. Як вось такая форма можа ўплываць на тое, як успрымаецца цяперашняя Беларусь і наяўнасць палітвязняў у ёй?
Андрэй Курэйчык: Вось ведаеце, Лукашэнка, што ён робіць? Ён робіць такі рэжым інкамунікада, калі няма ніякай інфармацыі, не прасочваецца ні ў прэсу, ні ў грамадзянскую супольнасць. І каб людзі перасталі помніць, проста перасталі гаварыць пра палітзняволеных. І я лічу, што мастацтва, а ў Елі я менавіта раблю курс па беларускаму пратэснаму мастацтву, яно мае такую моц, каб людзі адчувалі боль за тых, хто зараз знаходзіцца ў зняволенні. І мы зноўку нагадаем пра пратэсты. Там у фільме шмат чаго з 2020 года. І, зразумела, гэта для амерыканцаў, гэта на ангельскай мове, а перш за ўсё гэта будзе амерыканская аўдыторыя – прафесары, студэнты, аспіранты. Яны, як мне здаецца, маюць у ЗША вялікі ўплыў зараз. І мне здаецца, што гэта будзе такі штуршок, каб больш людзей казалі пра нашых палітзняволеных.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя