BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Уразлівасць”

Пачуццё ўразлівасці знаёма кожнаму чалавеку. Гэта тое, што адносіцца да вельмі асабістага: часам яно праходзіць праз усё жыццё і звязана з нейкімі лёсавызначальнымі падзеямі, а часам бывае толькі ў моманце, калі чалавек дазваляе сабе быць уразлівым і свядома адкрываецца перад іншымі людзьмі. Уразлівасць можа быць фізічнай і ментальнай, калі ўмоўна падзяліць чалавека на такія складальнікі.

Фізічная (цялесная) выклікае спачуванне і, як правіла, выключае пачуццё сораму і віны, тады як ментальная (душэўная) – можа расцэньвацца іншымі, як праява слабасці. Любая жывая істота неабароненай прыходзіць у гэтае жыццё і такой жа з яго сыходзіць. У кантэксце вайны чалавечая ўразлівасць дасягае максімальнага ўзроўню, і адной з сур’ёзных рызык тут з’яўляецца гандаль людзьмі.

Страта працы, як следства – рэальнасць апынуцца за мяжой беднасці; унутранае перамяшчэнне або эвакуацыя за межы краіны; знішчанае жыллё; пражыванне ў акупацыі; такія сацыяльныя фактары, як пенсійны ці, наадварот, малалетні ўзрост, шматдзетнасць, інваліднасць – усё гэта спрыяе галоўнай рызыцы трапіць у сітуацыю гандлю людзьмі. Цалкам зразумела, што ў цяжкіх абставінах украінцы часта згаджаюцца на прапановы нелегальнай працы як у самой Украіне, так і за яе межамі.

Завоблачныя абяцанкі хуткага і высокага заробку завабліваюць людзей у сеткі сучасных гандляроў рабамі. Гандаль людзьмі можа адбывацца ў розных формах. У мірны час яго галоўнымі напрамкамі былі: сэксуальная эксплуатацыя (выкарыстанне ў прастытуцыі і порнабізнэсе не толькі дарослых, але і дзяцей); прымусовае жабраванне; працоўнае рабства; прымусовае сурагатнае мацярынства.

У ваенны час на першым месцы стаіць уцягванне ў злачынную дзейнасць, калі ахвярамі рабагандляроў становяцца пераважна мужчыны, і прымусовае жабраванне (ахвяры – інваліды, пажадана, са стратай канечнасцяў з прычыны баявых дзеянняў, і маці з немаўлятамі). Для Украіны весці статыстыку ахвяр гандлю людзьмі ва ўмовах вайны амаль немагчыма. Пры вялікай колькасці зніклых без вестак заблытаць след і «растварыць» чалавека для гандляра рабамі не выдаецца складаным, таму намаганняў адной Украіны недастаткова.

Такая барацьба, зрэшты, як і барацьба з агрэсарам, патрабуе і нацыянальных, і міжнародных агульных дзеянняў. Бо ахвярамі становяцца не толькі ў сілу сваёй уразлівасці, а і ў сілу наяўнасці агрэсара, які гатоў гэтай уразлівасцю скарыстацца. Але варта памятаць, што ў авечую шкуру ахвяры можа прыбрацца і сам агрэсар.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя