Міністэрства абароны Польшчы паведаміла пра завяршэнне работ на першым участку ўмацаванняў, якія будуюцца на мяжы з Беларуссю і Расеяй. Улады Польшчы ўзводзяць іх у рамках праекта «Усходні шчыт».

Ведамства апублікавала фатаграфіі, як выглядаюць умацаванні. Дакладнае месца іх размяшчэння не раскрываецца, але адзначаецца, што работы праводзіліся «поблізу стратэгічна важных пераходаў».
На здымках відаць, што ўмацаванні ўключаюць фізічныя бар’еры, такія як бетонныя супрацьтанкавыя вожыкі.
У Мінабароны Польшчы заявілі пра «паскарэнне работ па ўзмацненні бяспекі дзяржаўнай граніцы». Пакуль дадатковыя элементы ўмацаванняў усталяваны на невялікім участку працягласцю 2,3 км. Але ўжо вядзецца падрыхтоўка да будаўніцтва другой чаргі.
Работы праводзяцца ў супрацоўніцтве з краінамі Балтыі. Будаўніцтва падтрымліваюць таксама саюзнікі з Фінляндыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Як адзначылі ў Варшаве, новая нацыянальная праграма абароны краіны з’яўляецца «адказам на сучасныя пагрозы», а яе галоўная мэта — «стрымліванне патэнцыйнага агрэсара».






