BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Усе бачылі, куды гэты здраднік беларускага народа вядзе людзей”

20 ліпеня 1994 года адбылася інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі як першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З тых часоў вясковы нахрапісты хлопец не пажадаў больш дзяліцца ўладай ні з кім. Пра тое, што адбылося з Беларуссю за гэтыя 30 гадоў праўлення Лукашэнкі, наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч размаўляла з госцем Радыё Рацыя – праваабаронцам Уладзімірам Вялічкіным.

РР: Ці згодныя вы з тым, што цяпер адбываецца ціхая акупацыя Беларусі?

Уладзімір Вялічкін: Гэтая акупацыя Беларусі ажыццяўляецца з таго самага моманту, калі Аляксандр Рыгоравіч прыйшоў да ўлады яшчэ ў 1994 годзе.

РР: Ці разумелі людзі гэта з 1994 года і ці разумеюць гэта цяпер там, унутры Беларусі?

Уладзімір Вялічкін: У 1994 годзе людзі гэтага шырокай масай не разумелі, і Аляксандр Рыгоравіч стаў прэзідэнтам не таму, што за яго прагаласавала большасць насельніцтва. Мы ўсе добра памятаем, што тады прыпаднеслі лічбу ад агульнай колькасці тых, хто прыйшоў на галасаванне. Таму, як асноўная маса электарату, – гэта моладзь у рэпрадуктыўным узросце – у тыя часы, у той дзень, выехала на вёску займацца агародам на лецішча. І на выбарчыя ўчасткі прыйшлі пенсіянеры. А пенсіянеры пад уплывам прапагандысцкага фільма, напярэдадні выбараў паказалі нейкі прапагандысцкі фільм, тыпу дакументальнага, там, дзе партыя БНФ атаясамлівалася з гітлераўцамі ў гэтай Вялікай Айчыннай вайне. І гэта паўплывала менавіта на выбары пенсіянераў, якія перажылі вайну. Яны прагаласавалі за Лукашэнку.  

РР: Тады людзі яшчэ не так баяліся пасля развалу Савецкага саюза, не было ў іх шкадавання, яны яшчэ не ўяўлялі сябе, што яны без Савецкага саюза. Тады яшчэ не было такога пачуцця, што яны жывуць у незалежнай Рэспубліцы, Але зараз, праз 30 гадоў, яны не бачаць, што іх поўнасцю падстройваюць пад Расею? Забарона беларускай мовы, выкідванне самых лепшых аўтараў з бібліятэкі і выкідванне твораў з падручнікаў, гісторыю перайначваюць. Тыя, хто жывуць у Беларусі, яны спакойна гэта ўспрымаюць, як мне падаецца.

Уладзімір Вялічкін: Перадусім, як Аляксандр Рыгоравіч прыйшоў да ўлады, увесь час вёў нейкія разборкі, з адной групай насельніцтва, пасля з другой групай. Груба кажучы, спачатку браўся за багатых пенсіянераў. Калі бедныя там пляскалі ў далоні, што так ім і трэба, ён і пераключаўся на тых бедных. І тады багатыя пенсіянеры пляскалі ў далоні і таксама радаваліся, што тыя, хто радаваўся раней, таксама сёння пакутуюць. І так з усімі групамі насельніцтва, з моладдзю, жанчынамі, з мужчынамі, па ўсіх, так скажам, ланцужках, якіх толькі магчыма. Таму ён так доўга і цягнуў, таму што, калі ён здзекаваўся з адных, іншыя радаваліся, што іх не чапаюць, а чапаюць менавіта гэтых.

Але фішка ў іншым, тыя, хто галасаваў у 1994, 30 гадоў таму, яны натуральным чынам пайшлі ў іншы свет. А тыя, хто заспеў першыя гады незалежнасці, бел-чырвона-белы сцяг, “Пагоню”, яны выйшлі менавіта ў 20-ым годзе на вуліцы. І трэба паглядзець, колькі іх было. То бок людзі ўсе бачылі, куды вось гэты здраднік беларускага народа вядзе людзей. Лукашэнка такі ж расейскі праект, як і Аксёнаў, прэзідэнт Крыма, яго мэта здаць краіну захопніку.

РР: І ён здаў.

Уладзімір Вялічкін: Аксёнаў гэта зрабіў, сёння гэта робіць Аляксандр Рыгоравіч.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя