BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Усё пачалося з таго, што мне самому дапамаглі людзі”

Вернік пратэстанцкай царквы Сяргей Мельянец з Менску за год і восем месяцаў пражывання ў Варшаве заваяваў вялікую папулярнасць сярод беларусаў сваёй дабрачыннай дзейнасцю. Год таму ён арганізаваў дабрачынную ініцыятыву #food4bel па дастаўцы маламаёмасным прадуктаў і нават адзення. Сёння мы пагаворым з Госцем Рацыі Сяргеем Мельянцом, чаму ён, шматдзетны бацька, заняўся такой складанай справай.

Сяргей Мельянец
Сяргей Мельянец

РР: Я сачу за Вамі ў Фэйсбуку, Вы часта пішаце і як прапаведнік, і як арганізатар дапамогі беларускім сем’ям, і як чалавек, які прыжываецца на новым месцы, на новай радзіме.

Сяргей Мельянец: Я вымушаны быў гэтым заняцца. Не хацеў, не планаваў, але раз так атрымалася, трэба асвойвацца і з божай дапамогай нешта рабіць.

РР: Што Вас натхніла на тое, каб раздаваць харчовую дапамогу?

Сяргей Мельянец: Бывае раздаём і адзенне, што людзям трэба, тым стараемся дапамагчы. А што мяне натхніла? Ёсць такі тэкст у Бібліі, у Евангеллі ад Матфея, дзе Ісус расказвае пра тое, што будзе ў канцы. Ён кажа, што будзе суд і будуць дзве групы людзей, адныя па правым, а іншыя – па левым боку, і паказчыкам таго, што чалавек сапраўды належаў Богу і служыў Богу – гэта тое, як ён ставіўся да бліжняга. Там было напісана: “Я быў галодны, і вы накармілі мяне; Я хацеў піць, і вы напаілі мяне; Я быў падарожнікам, і вы прытулілі мяне. Я быў голы, і вы апранулі мяне; Я быў хворы, і вы даглядалі мяне; Я быў у вязніцы, і вы прыйшлі наведаць мяне». І гэта ўсё гаворыць Ісус Хрыстос. І я гэта вельмі сур’ёзна ўспрымаю ў сваім жыцці, і лічу, што Евангелле – добрая вестка пра Бога, яна павінна суправаджацца перш за ўсё дапамогай бліжняму. І, дарэчы, мы будзем раздаваць для самых актыўных валанцёраў кубкі з лагатыпам #food4bel і там якраз прысутнічае той урывак, дзе Ісус кажа, што «Вы пра мяне паклапаціліся, калі паклапаціліся пра бліжняга”.

РР: #food4bel – што гэта азначае?

Сяргей Мельянец: Ежа для беларусусаў.

РР: З чаго Вы пачыналі?

Сяргей Мельянец: Усё пачалося з таго, што мне самому дапамаглі людзі. Спачатку мне прывозілі прадукты, хтосьці клапаціўся пра маю сям’ю, і прывозілі так шмат, што мне даводзілася шукаць, каму аддаць. Але пасля, калі я пазнаёміўся з дырэктарам фундацыі “Радасць”, аказалася, што ў яго ёсць доступ да прадуктаў, у якіх заканчваўся тэрмін прыдатнасці, і ён дапамагае і палякам, і ўкраінцам. Я спытаўся, можа і беларусам дапаможаш? Ён адказаў, што калі я гэтым буду займацца, то згодны. Так гэта ўсё і пачалося. Я атрымаў доступ да прадуктаў, да грузавога аўтатранспарту. Хоць у мяне няма сваёй машыны, але Гасподзь пасылае ўсё, што неабходна – у валанцёраў ёсць машыны, ёсць рукі, якія мяне падтрымліваюць. І каля 15 валанцёраў будуць дапамагаць,  каб зрабіць гэты праект.

РР: Хто стварыў фундацыю “Радасць”?

Сяргей Мельянец: Яна функцыянуе ўжо 20 гадоў. Гэта хрысціяне, пратэстанты, баптысты стварылі гэтую арганізацыю. І галоўны там брат Хенрык, ён паляк. І вось ужо 20 гадоў займаецца гэтай справай. Ён дапамагае з прадуктамі бедным, і арганізоўвае дзіцячыя хрысціянскія летнікі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя