Звыш 300 дзён – столькі за кратамі перабывае палітвязень з Берасцейшчыны Вадзім Говін. Гэта крыху больш за палову прызначанага яму пакарання па крымінальнаму палітычна матываванаму артыкулу.

Палітвязня Вадзіма Говіна абвінавацілі ў арт. 368 Крымінальнага кодэкса – Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Згодна матэрыялаў справы, зваршчык з Белаарзёрска быў затрыманы за каментар ва «Укантакце», які нібы меў «негатыўную адзнаку» Аляксандра Лукашэнкі і «абвінавачанні ў здзяйсненні акта тэрарызму і злачынстваў супраць чалавечнасці».
Адметнае тое, што Міністэрствам Унутраных Спраў Рэспублікі Беларусь мужчына ўнесены ў «спіс экстрэмістаў».
Прысуд – 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Палітвязень спачатку знаходзіўся ў СІЗА№7 горада Берасця, а дзе зараз ён адбывае пакаранне – праваабаронцам не вядома.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя





