BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ва Уроцлаве пройдуць мерапрыемствы з нагоды выбараў 2020 у Беларусі

9-10 жніўня ва Уроцлаве адбудзецца цэлы шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных паслявыбарчым падзеям 2020 года ў Беларусі. У праграме – адкрыццё выставы Вольгі Якубоўскай “Беларусы – коцікі”, бясплатны канцэрт беларускіх музыкаў, Марш, прамовы ды дыскусійная сустрэча “Ці існуе беларуская дыяспара Уроцлава?”.

Фота: t.me/belarusy_wroclawa

Пра гэта распавёў наш сённяшні Госць Рацыі – старшыня Рады Аб’яднання Суполка беларусаў Уроцлава Сяржук Дубіна.

РР: У якім фармаце пройдзе мерапрыемства і якіх удзельнікаў збірае?

Сяржук Дубіна: Гэтае мерапрыемства увогуле традыцыйнае, яно ўжо чацвёрты год запар ладзіцца актывістамі беларускай дыяспары Уроцлава. Гэты год не стаў выключэннем. Мы вырашылі адзначыць гэтыя падзеі – з аднаго боку вельмі натхняльныя, з іншага боку – вельмі трагічныя, якія прывялі да масавых рэпрэсій, але адначасна абудзілі беларускі народ. 9 жніўня прыпала на пятніцу, таму мы вырашылі расцягнуць мерапрыемствы на два дні – на 9 і 10 жніўня. 9 плануем ва Уроцлаве адкрыць выставу “Беларусы – коцікі” мастачкі Вольгі Якубоўскай, вечарам плануем зладзіць канцэрт мясцовых беларускіх музыкаў – гэта Валянціна Болбас, Адэля Вольская і Алесь Папковіч. 10 запланавалі перад Маршам спачатку невялічкую дыскусію з рознымі экспертамі, актывістамі, людзьмі, якія маюць свае ініцыятывы, паразмаўляць на тэму “Ці існуе беларуская дыяспара Уроцлава?”, а пасля гэтай дыскусіі а 16-й гадзіне плануем сабрацца на пляцы Вольнасці і рушыць у бок Рынку да Ратушы і там чакаем на прамовы арганізатараў, актывістаў, а таксама ад прадстаўнікоў мэрыі і ўладаў горада.

РР: Як будзе складацца маршут Маршу, хто будуць яго ўдзельнікі, якія лозунгі падрыхтаваныя?

Сяржук Дубіна: Заўсёды Марш вельмі цікавы. Гэта адна з нешматлікіх падзей, калі беларусы выходзяць на Марш. Гэта традыцыйна 25 Сакавіка, а таксама 9 жніўня, а гэтым разам 10-га, каб прыпала на суботу і было больш людзей. Сярод лозунгаў будуць як традыцыйныя, якія ўсе памятаюць з пратэстаў у Беларусі: “Верым! Можам! Пераможам!”, “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”, альбо жартаўлівыя, кшталту “Сабачку, сабачку”. Але таксама ёсць нават ідэі стварыць новыя лозунгі, больш у кантэксце нашага жыцця ва Уроцлаве. А калі гаварыць пра ўдзельнікаў, то натуральна – гэта беларусы Уроцлава. Таксама мы працуем на польскую аўдыторыю. Было б цудоўна, магчыма, у нас атрымаецца гэта на наступны год, каб палякаў прыйшло больш, чым беларусаў. Бо мы ведаем, як нам цяжка з бяспекай, людзі баяцца, натуральна, выходзіць на такія маршы, але каб на наступны год атрымалася, каб прыйшло больш палякаў, чым беларусаў, былі беларускія, польскія сцягі, сцягі іншых краін, то беларусы адчувалі б сябе больш бяспечней. Але зараз, думаю, большасць будзе беларусаў.

Пачнецца імпрэза 9 жніўня выступамі Валянціны Болбас, Адэлі Вольскай і Алеся Папковіча а 19:30 па адрасе  Salonik Pub, ul. Braniborska 2/10. А выстава будзе даступная ад 18:30 па адрасе ад ul. Świdnicka да ul. Kazimierza Wielkiego.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя