У Беларусі супраць блогеркі і спявачкі Кацярыны Ваданосавай распачалі крымінальную справу па артыкуле аб «рэабілітацыі нацызму». Падставай стала яе відэалекцыя «Галоўны міф Другой сусветнай — забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?», прысвечаная падзеям Другой сусветнай вайны і гібелі Вільгельм Кубэ.

Кацярына Ваданосава не прызнае абвінавачанні і называе справу пераследам за выказванне меркавання:
– Калі гаварыць пра адчуванні і пачуцці, то, напэўна, іх, як такіх у мяне няма. То бок гэта было пытанне, напэўна, часу, што я ў спадара Азаронка пару тыдняў таму “засвяцілася”. Ён у каронным такім ключы пра мяне выказаўся. І стала зразумела, што рана ці позна штосьці падобнае будзе. І ніякага сюрпрызу я не бачу.
Па словах Кацярыны, яна нават не ведае, куды могуць прыйсці паперы пра заведзеную на яе крымінальную справу:
– Праблема ў тым, што гэтай паперцы няма куды прыходзіць. У мяне ў Беларусі не засталося нікога і нічога. У мяне мама была ў Беларусі пэўны час, але прыехала сюды, і два месяцы таму яна памерла. У мяне не засталося там ніякай маёмасці, у мяне нічога там няма, у мяне не могуць нават маёмасць арыштаваць, нават машыну не могуць арыштаваць – няма машыны. Таму, па шчырасці, я не ведаю, ці ёсць якая спецвытворчасць. Нават даходзіць да смешнага – я нават не ведаю, колькі на мне “вісіць” крыміналак.
Ужо на наступным тыдні Кацярына Ваданосава разам з Алесем Кіркевічам і Васілём Калачом рушаць у міні-тур па гарадах Польшы, дзе яны прадставяць свае медыя-праекты «Трызуб і Пагоня» і «Сармат» кампаніі «Будзьма беларусамі».
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






