Некалькі дзён таму ў Беларусі сілавікамі затрыманыя музыкі гурта Nizkiz.
Як кажа аналітык Вадзім Мажэйка пасля арышту пачалася дыскусія, хто вінаваты — але тут усё відавочна:
— Пасля арышту Nizkiz пачалася грамадская дыскусія, хто вінаваты, ці мо самі музыкі вінаватыя, што ў Беларусі заставаліся. Ці то Белсат вінаваты, што паказваў іх у навагоднюю ноч у нарэзках відэа, але мне падаецца відавочна, што ў затрыманнях Nizkiz і ўсіх іншых беларусаў вінаваты рэжым Лукашэнкі, ён персанальна, і канкрэтна тыя сілавікі, што затрымліваюць, катуюць, запісваюць пакаяльныя відэа — варта гэтага не забывацца.
Па словах аналітыка музыкі Nizkiz дакладна ў сваім затрыманні невінаватыя:
— Nizkiz і так затрыманыя, ім спачуваць трэба, а не вінаваціць. І хтось вінаваціць Белсат. Можна ўявіць, як сілавікі сядзяць і думаюць «Трэба затрымаць музыкаў апазіцыйных. Але нешта мы не можам. О, а цяпер Белсат паказаў відэа з імі навагодняе, ну тады можна затрымліваць«. Гэта лухта. Усе рэпрэсіі адбываюцца праз сілавікоў, а не праз незалежныя медыі.
8 студзеня 2024 году Суд Ленінскага раёна Магілёва разгледзеў адміністрацыйную справу за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (частка 2 артыкула 19.11 КаАП) у дачыненні да затрыманых удзельнікаў групы Nizkiz, пішуць праваабаронцы з Mayday.team.
Вынікі суда невядомыя, але праваабаронцы мяркуюць, што саліст Аляксандр Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Дзмітрый Халяўкін засуджаныя да адміністрацыйнага арышту.
Беларускае Радыё Рацыя