За апошні тыдзень у незалежных СМІ і тэлеграм-каналах з’явіўся новы скандал, у якім абвінавачваюць Паўла Латушку.

Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка лічыць падобныя скандалы – «укідам» спецслужбаў.
– Бываюць інтэлектуальныя дыскусіі і спрэчкі па нейкіх важных стратэгічных момантах. Гэта нармальна. Гэта добра. Гэта розніца думак. Але безумоўна тое, што мы назіраем зараз – гэта хутчэй проста ўкіды, атакі, якія, відавочна, ажыццяўляюцца спецслужбамі. Я не прыхільнік ўсё навокал спісваць на агентаў, але ў сітуацыі Карпушонак – Латушка, тут усё відавочна. Спецслужбы натхніліся кейсам Стрыжака і падобнымі скандаламі, пабачылі наколькі дэмакратычныя сілы для такога ўражлівыя, як сур’ёзна гатовыя гэта абмяркоўваць.
Па словах аналітыка, у спадарыні Карпушонак няма ніякіх доказаў:
– Ці было штосьці, ці не было – патрэбная канкрэтная фактура, нейкая канкрэтыка ад яе. А пакуль у словах Карпушонак бачу шмат канспіралогіі і адносна Латушкі, і адносна СБУ Украіны. Пры гэтым нуль фактуры: што было, дзе было, калі было. Нейкіх папераў, відэа, хоць нейкіх доказаў. Усяго гэтага няма. Таму складана гэта ўспрымаць як нешта большае, чым проста аперацыю спецслужбаў.
Вадзім Мажэйка ўпэўнены, што ў бліжэйшы час беларускую дэмакратычную супольнасць чакае шмат гісторыяў, якія будуць інспіраваныя спецслужбамі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






