Беларускі палітык, кіраўнік Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў унесены ў так званы “расейскі спіс”, спіс людзей, якія знаходзяцца ў вышуку ў Расеі.
Палітык упэўнены, што ўнясенне яго і яго калегаў, беларускіх журналістаў, праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў у гэты спіс – гэта перашкода для іх эвакуацыі з Беларусі
– Гэта яшчэ адна спроба перашкодзіць розным каналам эвакуацыі з Беларусі. Можа быць і не значна, але ўсё роўна ўскладняе эвакуацыю. Былі розныя магчымасці, скарыстацца ў тым ліку тэрыторыяй Расейскай Федэрацыі. Зараз гэтыя магчымасці перакрытыя. Ясна, што гэта не адпавядае ніякім дэмакратычным нормам. Гэта чарговы факт пераследу па палітычных матывах.
Па яго словах, гэты “спіс” можа распаўсюджвацца, апроч Расеі, таксама на іншыя краіны:
– Наколькі я разумею сітуацыю, Расейская Федэрацыя можа пасля абвяшчаць гэтых людзей у міжнародны вышук, падаваць у розныя арганізацыі, у якіх яна яшчэ засталася. Інтэрпол не рэагуе, краіны Еўрапейскага Звязу не будуць рэагаваць на гэта. Я не прагназую, але дапускаю, што сяброўскія Расеі краіны могуць нейкім чынам рэагаваць.
У спіс людзей, якія знаходзяцца ў вышуку ў Расеі, унесена больш за тры тысячы чалавек, сярод якіх вядомыя актывісты, такія як Андрэй Стрыжак, ці праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, былы палітзняволены Зміцер Фурманаў.
Беларускае Радыё Рацыя