У Менскім абласным судзе 24 чэрвеня быў вынесены прысуд 30-гадоваму грамадзяніну Нямеччыны Рыко Крыгеру (Rico Krieger). Паводле яго старонцы на linkedin мужчына быў ваенным лекарам Чырвонага крыжа.
У Беларусі яго абвінавачвалі адразу па шасці цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «наёмніцтва» (арт. 133) і «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289).
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала @motolkohelp, па выніках суда яму прызначана найвышэйшая мера — смяротнае пакаранне шляхам расстрэлу.
Вядома, што Рыко раней працаваў афіцэрам па спецыяльнай бяспецы Дзярждэпа ў Берліне. Пасля гэтай пасады ён перайшоў у сферу аховы здароўя, працаваў медбратам.
Паводле інфармацыі «Вясны», Рыко Крыгера прызналі вінаватым у «здзяйсненні выбуху ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва, дэстабілізацыі грамадскага парадку (акце тэрарызму), здзейсненым асобай, якая раней учыніла злачынства прадугледжанае ч. 4 арт. 295 КК, арганізаванай групай, то бок у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 289 КК».
На падставе яго Крыгеру прызначылі выключную меру пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання (расстрэлу).
Таксама праваабаронцам стала вядома, што справа вайсковага лекара тычыцца палка Каліноўскага, а менавіта яго структурнага падраздзялення — замежнага механізаванага батальёна «Western».
вясна